У Менску створаны камітэт „Свабоду Эдуарду Пальчысу”



Эдуард Пальчыс, 25-гадовы беларускі блогер, стваральнік сайту 1963x.com, вядомы пад псеўданімам Джон Сільвер, быў арыштаваны ў Расеі. Па словах сустрашыні аргкамітэта па стварэнню партыі Беларуская хрысціяская дэмакратыя Паўла Севярынца, Эдуард Пальчыс – гісторык, выпускнік гістфака Белдзяржуніверсітэта. Створаны ім сайт вылучаўся бескампраміснай антыімперскай пазіцыяй. Супраць яго была ўзбуджана крымінальная справа за распальванне міжнацыянальнай варожасці. А праз некаторы час яшчэ адна, для дыскрэдытацыі, быццам за распаўсюджванне парнаграфіі.

Павел Севярынец:

– Быў затрыманы спачатку беларускім КДБ. Пасля таго як быў выпушчаны, з’ехаў ва Украіну. З Украіны яго выманілі ў Расею. І 23 студзеня гэтага года яго затрымалі ў Бранскай вобласці. Зараз ён знаходзіцца ў Бранскім следчым ізалятары. Наша задача: беларуса, якога за антыімперскую дзейнасць выманілі ў Расею і трымаюць у турме, абараніць – падняць хвалю салідарнасці, зрабіць запыты ў адпаведныя ўстановы, такія як беларуская амбасада ў Маскве, як Міністэрства замежных спраў, Генеральная пракуратура.

Па словах Паўла Севярынца, камітэт „Свабоду Эдуарду Пальчысу” пачынае інфармацыйную кампанію за яго вызваленне. „Будзем рабіць сустрэчу гісторыкаў, якія павінны даць ацэнку таму, што пісаў Эдуард Пальчыс на сваім сайце. Правядзем вечарыну ў яго падтрымку, пачнем збор сродкаў, каб дапамагчы родным затрыманага гістрыка і яму самаму, звяжамся з расейскімі праваабаронцамі, каб прыцягнуць іх увагу да гэтай справы, будзем рабіць і іншыя крокі,” – сказаў Павел Севярынец.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя