У Менску судзяць абвінавачваных у нападзе на Сяргея Чалага
Эканаміст Сяргей Чалы ацэньвае маральную шкоду, нанесеную яму ў выніку збіцця, у 5 тысяч рублёў. Гэтыя грошы ён мае намер атрымаць у якасці кампенсацыі з абвінавачаных Аляксандра Рублёва і Кірыла Доўнара.
Працэс па справе аб збіцці Чалага пачаўся ў судзе Цэнтральнага раёна 6 жніўня пад старшынствам Таццяны Акавітай. На лаве падсудных — Аляксандр Рублёў і Кірыл Доўнар. 29 гадовы ўраджэнец Салігорска Рублёў працуе аддзелачнікам па дагаворы падраду, раней судзімы за бойку. 33-гадовы мянчук Кірыл Доўнар працуе электраманцёрам, судзімасці не мае. Акрамя Чалага, пацярпелым па справе праходзіць яго знаёмы Анатоль Сакалоўскі.
Інцыдэнт адбыўся ў ноч на 19 мая. У 00.34 у аператыўна-дзяжурную службу Цэнтральнага РУУС паступіла паведамленне, што па вуліцы Леніна, 5, невядомыя збілі двух грамадзян. На месца здарэння былі накіраваныя два аўтапатрулі АМАП. Пацярпелых — Чалага і яго прыяцеля — даставілі ў раённае ўпраўленне міліцыі, дзе яны напісалі заявы аб нападзе.
Як заявіў сёння ў судзе Чалы, пасля збіцця ён не мог працаваць больш за месяц, вымушаны быў прымаць абязбольвальныя прэпараты, лячыць вока, якое да гэтага часу дрэнна бачыць пры яркім святле.
Па словах пацярпелага, той вечар, з 16 да 23 гадзін, ён праводзіў у кампаніі сваіх сяброў на летняй тэрасе ўніверсама „Цэнтральны”. За гэты час выпіў 10 бутэлек піва. Пазней Чалы з кампаніяй адправіліся ва ўстанову „Курыца Памада”, а потым на двор дома нумар 4 па вуліцы Леніна. Там да іх і падышоў Аляксандр Рублёў.
„Да нас падышоў хлопец і сказаў: маўляў, ідзіце з нашага двара. На што мы адказалі, што дапіваем піва і сыходзім. Ніякіх абраз у адрас кампаніі мы не казалі, агрэсіўных паводзін не дэманстравалі”, — расказаў у судзе Чалы.
Версія яго крыўдзіцеляў адрозніваецца. Па словах Рублёва, Чалы вымавіў у адрас яго жонкі абразлівую лаянку, а менавіта: ледзь не прыгразіў згвалтаваннем. Пасля гэтага абвінавачаны патэлефанаваў сваім сябрам, і яны вырашылі правучыць Чалага і Сакалоўскага, абараняючы гонар дзяўчыны.