У Менску судзяць анархістаў
Суд Савецкага раёна Менска працягне разгляд справы актывістаў анархісцкага руху Мікіты Емяльянава і Івана Комара 7 лютага ў 10.30. Працэс вядзе суддзя Якунчыхін.
Анархістаў абвінавачваюць у тым, што 25 верасня 2019 года яны кінулі ў будынак Менскага гарадскога суда дзве лямпачкі з фарбай. Акрамя таго, ім інкрымінуецца, што ўначы 13 кастрычніка яны кінулі ёмістасць з запальнай сумессю ў дзверы СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага, але ўзгарання не адбылося. Паўторны інцыдэнт адбыўся ўначы 20 кастрычніка, вадкасць загарэлася, у выніку чаго нязначна пашкодзілася фарба. Прадстаўнік СІЗА ацаніла шкоду ў 1 рубель 48 капеек, урон будынку суда ацэньваецца ў 143 рублі 22 капейкі.
Абвінавачаным ставяцца ў віну правапарушэнні, прадугледжаныя рознымі часткамі артыкула 295-3 КК (незаконныя дзеянні ў адносінах да прадметаў, паражальнае дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў), артыкула 341 (псаванне маёмасці), артыкула 14 (замах на злачынства), артыкула 344 (пашкоджанне гісторыка-культурных каштоўнасцяў), паколькі адміністрацыйны будынак СІЗА № 1 з’яўляецца часткай гісторыка-культурнай каштоўнасці „Пішчалаўскі замак”. Максімальнае пакараньне, прадугледжанае артыкулам 344, — 12 гадоў пазбаўлення волі.
Анархістаў пачалі судзіць 6 лютага. Абвінавачаныя віну не прызналі і заявілі, што будуць даваць паказанні ў канцы працэсу.
Пракурор Максім Сеніў хадайнічаў, каб паказанні сведак, якія з’яўляюцца супрацоўнікамі СІЗА, заслухоўваліся ў закрытым рэжыме. Суддзя гэтае хадайніцтва адхіліў.
Паказанні сведак тычыліся эпізодаў, звязаных з СІЗА. У прыватнасці, кантралёр Наўздораў паведаміў, што бачыў, як неўстаноўленая асоба ўначы 20 кастрычніка кідае запальную сумесь у напрамку СІЗА.
„Я заступаў тады ў начную змену, мяне выставілі на пост агляду знешняй тэрыторыі СІЗА. Бліжэй да 4 гадзін раніцы чалавек падышоў да ўваходу, сеў на лавачку. У руках у яго стала нешта гарэць, ён кінуў гэта і пабег”, — паведаміў сведка.
Пры гэтым Наўздораў не бачыў месца трапляння. Некаторы час ён пераследваў таго, хто кідаў, і бачыў, як да яго далучаецца яшчэ адзін чалавек. Пасля, калі прывезлі затрыманых Комара і Емяльянава, ён не змог апазнаць іх. Ён адзначыў, што бачыў іх здалёк і было цёмна.
Дзяжурны СІЗА Круглік таксама паведаміў, што па камерах відэаназірання ўбачыў успышку і выбег на вуліцу. Паводле яго слоў, полымя было невялікае, гарэла ануча, валяліся асколкі і быў непрыемны пах. Яшчэ адзін сведка, Марозаў, пацвердзіў, што полымя пагрозы будынку не ўяўляла, і неабходнасці прымяніць вогнетушыцель не было.
Таксама быў дапытаны Бухцінаў, намеснік начальніка аператыўнай часткі СІЗА, ён даў паказанні па двух інцыдэнтах з запальнай сумессю. Паводле яго слоў, у першы раз, уначы 13 кастрычніка, дзяжурныя пачулі ўдар аб дзверы. Яны ўбачылі на ганку аскепкі, не надалі гэтаму значэння. Пасля таго як з’явіліся паведамленні, што прайшла акцыя, прыехала следча-аператыўная група і ўзяла саскрэб з дзвярэй.
Ён падкрэсліў, што пасля першага інцыдэнту пашкоджанняў не было, у другім былі пашкоджаныя дзверы. Таксама Бухцінаў паведаміў, што абвінавачаныя знаходзяцца на прафілактычным ўліку як асобы, схільныя да экстрэмізму і іншай дэструктыўнай дзейнасці.
Акрамя гэтага, у судзе былі апытаныя яшчэ двое супрацоўнікаў СІЗА, іх паказанні не супярэчылі сведчанням калегаў. Суд даследаваў пісьмовыя матэрыялы справы, у прыватнасці быў зачытаны пратакол, што 25 верасня на сцяне будынка Мінскага гарадскога суда былі выяўленыя дзве плямы фарбы, а непадалёк два цокаля ад лямпачкі.