У Менску судзяць аўтараў Regnum (абноўлена)



Аўтары “Рэгнума” не прызналі ў судзе сваёй віны па выстаўленых ім абвінавачваннях. У судзе абвешчаны перапынак да 10-й гадзіны 19 снежня.

На заўтра плануецца допыт абвінавачаных, потым сведак.

У Менскім гарадскім судзе сёння пачаўся судовы працэс над трыма аўтарамі расейскага інфарм-агенцтва “Рэгнум” — Дзмітрыем Алімкіным, Юрыем Паўлаўцом і Сяргеем Шыптэнкам. Іх вінавацяць у распальванні нацыянальнай варожасці. Паўлаўца і Шыптэнку таксама вінавацяць у незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, бо яны атрымоўвалі ганарары за свае публікацыі на сайце “Рэгнума”.

* * * 

18 снежня ў Менскім гарадскім судзе пачаўся працэс па справе беларускіх аўтараў Рэгнума і шэрагу іншых расейскіх інтэрнэт-рэсурсаў, якія абвінавачваюцца ў распальванні нацыянальнай варожасці. Суддзя — Ігар Любавіцкі. Дзяржабвінаваўца — прадстаўнік пракуратуры Менска Аляксандр Кароль.

Працэс выклікаў вялікую цікавасць. Самая вялікая зала Менгарсуда запоўненая цалкам, але патрапіць на слуханні ўдалося не ўсім. У зале некалькі дзясяткаў журналістаў, сваякі абвінавачаных, праваабаронцы, прадстаўнікі левапатрыятычнага руху „Адзінства”.

Працэс, прызначаны на 10.00, пачаўся са спазненнем: усіх ахвотных патрапіць у залу прымусілі прайсці праз рамку металадэтэктара і абшукалі.

Следства па справе выкладчыка БДУІР Юрыя Паўлаўца (публікаваўся пад псеўданімамі Павел Юрынцаў і Мікалай Радаў), вартаўніка з Берасця Дзмітрыя Алімкіна (псеўданім Ала Бронь), мінчаніна Сяргея Шыпценкі (псеўданім Артур Грыгор’еў) вялося амаль год. Яны былі затрыманыя ў снежні 2016 года.

Усе трое абвінавачваюцца па ч. 3 арт. 130 КК (распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці, здзейсненае групай асоб). Акрамя таго, Паўлаўцу і Шыпценку выстаўленае абвінавачанне паводле ч. 1 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць).

У справе ёсць яшчэ адзін фігурант — Юрый Баранчык, грамадзянін Беларусі, шэф-рэдактар Рэгнума. Яму завочна выстаўленае абвінавачанне па ч. 3 арт. 130 КК, завочна абраная мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту, ён абвешчаны ў міждзяржаўны вышук, хоць вядома, што знаходзіцца ў Расеі.

У справе Рэгнума 17 тамоў.

Як раней распавядала БелаПАН жонка аднаго з абвінавачаных Любоў Паўлавец, незалежныя экспертызы яго публікацый, праведзеныя падчас следства, не выявілі ў іх экстрэмізму, прыкмет распальвання расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці.

Паводле яе слоў, правядзенне незалежных экспертыз было ініцыяванае абаронай Паўлаўца і яго сваякамі. Даследаванні выконваліся ў Маскве і Рызе. Экспертызы праводзілі доктар філалагічных і доктар юрыдычных навук Алена Галяшына і прадстаўнік Міжнароднай федэрацыі незалежных экспертаў, спецыяліст у галіне тэксталагічных, лінгвістычных, аўдыёвізуальных даследаванняў Мікалай Гуданец.

Акрамя таго, Любоў Паўлавец распавяла, што ўдалося звязацца з адным з аўтараў расейскай „Методыкі правядзення судовай псіхолага-лінгвістычнай экспертызы матэрыялаў па справах, звязаных з процідзеяннем экстрэмізму і тэрарызму”, якой, як высветлілі сваякі абвінавачанага, карысталіся беларускія эксперты. Ад доктара філалагічных навук, прафесара кафедры рускай мовы філалагічнага факультэта МДУ імя М.В.Ламаносава Вольгі Кукушкінай таксама атрымалі заключэнне аб адсутнасці экстрэмізму ў публікацыях Паўлаўца.

Напярэдадні суда Любоў Паўлавец распаўсюдзіла адкрыты зварот, у якім паведаміла, што справа інспіраваная Міністэрствам інфармацыі, а заяву ў дачыненні да публікацый Паўлаўца напісала ў Следчы камітэт былы міністр Лілія Ананіч.

МЗС Расеі 26 кастрычніка заклікала беларускі бок „максімальна адказна” падыходзіць да разгляду крымінальнай справы аўтараў Рэгнума, „у строгай адпаведнасці з узятымі на сябе Беларуссю абавязацельствамі, перш за ўсё ў плане захавання свабоды выказвання меркаванняў”.

У пачатку лістапада беларускія праваабарончыя арганізацыі заклікалі ўлады правесці „адкрыты і справядлівы суд” над беларускімі аўтарамі расійскага рэсурсу Рэгнум Юрыем Паўлаўцом, Дзмітрыем Алімкіным і Сяргеем Шыпценкам. Адпаведную заяву падпісалі Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі Хельсінкскі камітэт і закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

„Гэта крымінальная справа атрымала шырокі грамадскі рэзананс, — адзначаецца ў заяве праваабаронцаў. — Між тым афіцыйная інфармацыя пра справу (напрыклад, якія менавіта артыкулы і выказванні кожнага з абвінавачаных паслужылі прычынай для распачынання крымінальнай справы, чаму гэтыя тры справы аб’яднаныя ў адну, што з’яўляецца прычынай абвінавачвання Паўлаўца і Шыпценкі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці) практычна адсутнічала або выклікала абгрунтаваныя сумневы”.   БелаПАН