У Менску судзяць „бацюшку са свастыкай” (абноўлена)



Разгляд крымінальнай справы былога настаяцеля прыхода Святога Духу ў пасёлку Гатава Менскага раёна Канстанціна Бурыкіна працягнецца 5 ліпеня ў 14.00.

У першы дзень працэсу, 29 чэрвеня, былі заслуханыя тлумачэнні абвінавачанага і двух панятых, якія прысутнічалі пры канфіскацыі і вопісу зброі і боепрыпасаў у кватэры Бурыкіна.

Паводле слоў панятых, сярод рэчаў былога настаяцеля былі таксама кнігі і DVD аб зброі і з нацысцкай сімволікай.

5 ліпеня будуць апытаныя супрацоўнікі галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС.

Былы настаяцель прыхода Святога Духа ў пасёлку Гатава Менскага раёна Канстанцін Бурыкін прызнаў сваю віну ў захоўванні зброі. 

Бурыкіна абвінавачваюць у набыцці і захоўванні пісталета браўнінг і рэвальвера наган, а таксама патронаў розных марак.

Абвінавачаны заявіў, што зброю яму падарылі ў знак падзякі „хлопцы з РНА” („Рускае нацыянальнае адзінства” — праварадыкальная нацыяналістычная арганізацыя, прызнаная ў Расіі экстрэмісцкай). Пры гэтым Бурыкін падкрэсліў, што лічыў зброю непрыдатнай да выкарыстання і разглядаў яе ў якасці „сувеніра і памяці аб сустрэчы”.

Тлумачачы знаходжанне ў сваёй кватэры патронаў, былы настаяцель заявіў, што знайшоў іх у дзіцячых цацках сына, а той, у сваю чаргу, знайшоў іх на будоўлі (цяпер сыну 12 гадоў, на момант выяўлення патронаў было амаль 10; усяго ў Бурыкіна чацвёра дзяцей). Паводле слоў падсуднага, ён паклаў патроны ў сейф, каб разабрацца, але забыўся пра іх на год-паўтара — аж да вобыску.

Бурыкін расказаў, што браў удзел у зборах РНА пасля звароту арганізацыі ў Менскае патрыярхальнае ўпраўленне прыкладна ў 2000 годзе. Паводле слоў абвінавачанага, „было чатыры-пяць сустрэч”, падчас якіх ён праводзіў малебны, хрышчэнне, вянчанне, духоўныя гутаркі. „Я і раней ведаў пра арганізацыю, нічога ганебнага тады ў супрацоўніцтве не бачыў. Пасля з іх боку былі розныя выказванні, якія мне не падабаліся, я адчуў іх дэструктыўнасць. Затым яны былі прызнаныя экстрэмісцкай арганізацыяй”, — адзначыў Бурыкін. „Ведаючы, да чаго гэта можа прывесці, я б не падставіў так сябе і сваю сям’ю”, — падкрэсліў былы настаяцель прыхода.

Свой крымінальны пераслед ён таксама звязвае з „зайздроснікамі”, якія сталі яго „дыскрэдытаваць” пасля дасягнутых ім поспехаў у працы ў Беларускай федэрацыі паўэрліфтынгу.

Працэс вядзе суддзя Алег Каляда.

belapan.com