У Менску судзяць фігурантаў „справы студэнтаў” (абнаўляецца)
У судзе Кастрычніцкага раёна Менска пачаўся суд па „справе студэнтаў”. На лаве падсудных 12 чалавек. Больш за сотню чалавек сабралася каля будынка Дома правасуддзя, каб падтрымаць абвінавачаных. Міліцыя папярэдзіла пра адказнасць.
Каля будынка суда стаяць таніраваны мікрааўтобус, міліцэйская «джылі» і два жоўтых аўтобусы, праведамляе ТУТ.бай. З мікрааўтобуса да людзей выйшлі супрацоўнікі АМАПу і папрасілі не ствараць натоўп. Людзі павольна сталі разыходзіцца. Тых, хто рабіў гэта марудлівым крокам, спынілі супрацоўнікі АМАПу і правялі ў мікрааўтобус.
МУС паведамляе пра затрыманне 14 чалавек каля Дому правасуддзя.
Сярод затрыманых – палітык Анатоль Лябедзька і журналістка медыяпартала tut.by Любоў Каспяровіч. АМАП патрулюе ваколіцы суда на бусах, высочвае групы маладых людзей. Затрыманні адбываюцца і ў бліжэйшых дварах.
Фота: Тут.бай
Крымінальная справа тычыцца масавых акцыяў пратэсту, якія прайшлі напачатку верасня мінулага году. Абвінавачанымі праходзяць Марыя Каленік, Ксенія Сырамалот, Кася Будзько, Яна Арабейка, Ягор Канецкі, Глеб Фіцнэр, Ілля Трахтэнберг, Вікторыя Гранкоўская, Настасся Булыбенка, Таццяна Якельчык, а таксама выкладчыца БДУІР Вольга Філатчанкава і выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Святланы Ціханоўскай па справах моладзі і студэнтаў Алана Гебрэмарыям. Іх усіх абвінавачваюць у арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, што прывяло да парушэння працы ўстаноў і транспарту.
Пакаранне прадугледжвае штраф, арышт, абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў або пазбаўленне волі на такі ж тэрмін.
Беларускае Радыё Рацыя