Суды над удзельнікамі «Маршу недармаедаў» у Менску (абноўлена)
Пётр Маркелаў пад арыштам. 15 сакавіка актывіст зняў відэа затрымання анархістаў у тралейбусе, якое адбылося пасьля санкцыянаванага ўладамі „Марша недармаедаў” у Менску. Маркелаў асуджаны на 12 сутак адміністрацыйнага арышту. Такое рашэнне абвясціла суддзя Вайцяховіч. Вядома, што хлопец мае праблемы з сэрцам (маці раніцай перадавала лекі).
Маркелава абвінавацілі ў „непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі” і „парушэнні парадку правядзення масавага мерапрыемства”: нібыта, ён быў у масцы, хаця на відэазапісах з акцыі відаць, што ён не хаваў свой твар. Суддзя відэа глядзець не захацела.
* * *
Сярод затрыманых пасля Маршу недармаедаў у Менску – грамадзянін Расеі Павал Маркаў. У судзе Цэнтральнага раёну ён быў асуджаны на 15 сутак і абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага рашэння. Маркаў заявіў, што наагул не ўдзельнічаў у акцыі — яго затрымалі, калі ён гуляў па горадзе.
15 сутак прысудзілі і брату былога палітвязня Эдуарда Лобава Уладзіславу. Таксама стала вядома, што ў тым жа Цэнтральнага судзе аднаму з затрыманых Антону Данілаву стала дрэнна, яго забрала хуткая дапамога.
Данілава абвінавачваюць у парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў і непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі. Асудзіць маладога чалавека яшчэ не паспелі.
***
Працягваюцца суды над ўдзельнікамі акцыі пратэсту 15 сакавіка ў сталіцы. У судзе Першамайскага раёна вынесеныя новыя прысуды. Так, 13 сутак арышту прысудзілі Аксане Малюковай. Сведкамі зноў выступалі супрацоўнікі АМАП Канстанцін Радзько і Сяргей Маскалёў. На 12 сутак арышту асудзілі Сяргея Ворсу. У суд Савецкага раёна прывезлі 14 чалавек. Суддзя Наталля Драчова пакарала 12 суткамі арышту Аляксандра Скурыдзіна.
***
Суды ў Менску пачалі разгляд адміністрацыйных спраў, заведзеных на ўчорашніх ўдзельнікаў “Маршаў недармаедаў”.
У суд Першамайскага раёна даставілі 11 чалавек. Паводле інфармацыі на стэндзе суда разглядаць справы будуць з 9 да 13.00. Прозьвішчы затрыманых і суддзяў, а таксама артыкула КаАП не ўказаныя.
Пакуль вызначыныя суддзі для разгляду адміністрацыйных спраў супраць затрыманых – Юры Гарбатоўскі і Святлана Чараповіч.
Сяргею Мацкойцю суддзя Гарбатоўскі прызначыў пакаранне ў выглядзе 15 сутак арышту па двум артыкулам КаАП 17.1 і 23.34. Cведкамі выступілі АМАПаўцы Батун Павел і Антановіч Ігар, якіх нават не выдалялі з залі падчас разгляду справы.
Наступнай разглядаюць справу Елізаветы Пракопчык. Дзяўчыну затрымалі каля метро, тыя ж сведкі-амапаўцы кажуць, нібыта яна лаялася матам і не рэагавала на іх заўвалі. У суд з боку абароны выкліканая сяброўка Елізаветы, якая была побач з ёй у момант затрымання. Суддзя Гарбатоўскі вынес рашэнне пакараць Елізавету Пракопчык арыштам на 13 сутак.
Далей разглядаюць справу супраць Серавокай Святланы зноў жа па двух артыкулах. Затрыманая заявіла хадайніцтва аб удзелу ў судзе абаронцы. У судзе аб’яўлены перапынак на 15 хвілін. Паседжанне працягнулася: Святлану затрымалі ў пераходзе метро станцыі „Акадэмія навук”, віну яна не прызнае, заявіла хадайніцтва аб запатрабаванні відэазапісу з метро. Сведкамі выступаюць амапаўцы Батун Павел і Астаповіч Андрэй, якія даюць аналагічныя паказанні, што і на папярэдніх працэсах.
Адвакат задае нязручныя пытаньні. Батун блытаецца ў паказаннях.
Святлану Серавокую асудзілі на 14 сутак арышту.
Яўгена Дзяткоўскага суддзя Чараповіч Святлана асудзіла на 15 сутак арышту. Сведкамі выступалі супрацоўнікі АМАПу — Радзько Канстанцін і Маскалёў Сяргей.
Разглядаюць справу Арсенія Канаплёва, ён заявіў хадайніцтва аб выкліке сведкі, якога затрымалі разам з ім.
Затрыманы распавёў, што выйшаў з метро, яго адразу затрымалі і даставілі ў міліцыйскі пакой у метро, каб праверыць дакументы. Затым адвезлі ў РУУС. На Акадэміі навук не быў, увогуле нічога не рабіў. Затрымлівалі супрацоўнікі ў цывільнай вопратцы.
АМАПавец-сведка Маскалёў распавёў, што яны былі ў форме, а грамадзянін крычаў. Яны папрасілі яго супакоіцца, але грамадзянін не зрабіў гэтага і яны яго затрымалі. Другі сведка-АМАПавец Радзько паўтарыў тое ж самае.
Арсенія Канаплёва асудзілі на 13 сутак арышту.
Пачаўся суд над Марынай Дубінай.
Таксама ў гэты час судзяць і Аксану Малюкову. Сведкамі зноў выступаюць супрацоўнікі АМАПу Канстанцін Радзько і Сяргей Маскалёў. Суддзя прызначыў пакаранне ў 13 сутак.
Сяргея Ворсу асудзілі на 12 сутак арышту.
На аўтазаках дастаўляюць затрыманых у суд Цэнтральнага раёна. У двух машынах па 12 чалавек.
Шмат каго з затрыманых будуць судзіць адразу па двух артыкулах: па арт. 17.1 „Дробнае хуліганства” і 23.4 „Непадпарадкаванне законаму патрабаванню службовай асобы”.
Сярод дастаўленых Уладзіслаў Лобаў.
У Цэнтральным судзе Мінску затрыманых будуць судзіць Вікторыя Шабуня, Аляксандар Длужнеўскі, Міхаіл Хома, Натальля Вайцэховіч, Тацяна Рак.
Адну з першых судзяць Алену Немік, якую вінавацяць па ч. 1 арт. 23.34 „Парушэнне парадку правядзення масавага мерапрыемства”, паведамляе Радыё „Свабода”. Алена Немік распавяла, што да 3 ночы афармлялі пратаколы, паспала 2 гадзіны, ды і то зь перапынкамі, бо часта ўключалі яркае сьвятло. Алену затрымлівалі ў тралейбусе. Яна заявіла, што хоча замовіць адваката, таму судзьдзя абвясьціла перапынак на 15 хвілінаў.
Працэс аднавіўся, дзяўчыну вінавацяць ў тым, што брала ўдзел у акцыі ў масцы і адмовілася зняць маску, чым нібыта аказала непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.
Яна не прызнала віны, кажа, што ўдзельнічала ў дазволенай акцыі ў складзе удзельнікаў шэсця, твар не закрывала, ніхто яе не папярэджваў, што яна нешта парушае. Пасля заканчэння шэсця, на перакрыжаванні каля плошчы Бангалор села ў тралейбус і паехала дамоў.
На перакрыжаванні вуліц Багдановіча з праспэктам Машэрава ў тралейбус ўварваліся людзі ў цывільным, пачалі выцягваць пасажыраў і ў тым ліку яе з тралейбуса. Гэтак яна апынулася на вуліцы. Яна спалохалася, крычала «Дапамажыце!». Там яе спрабавалі трымаць людзі, якія былі на прыпынку, адна жанчына яе абняла. Але міліцыянты адарвалі яе, і гэтак яна апынулася зноў у руках міліцыянтаў у цывільным, якія не прадстаўляліся, хаця яна іх пытала, хто яны. Згадала, што ў тралейбусе павалілі на падлогу палову пасажыраў.
Алена ўказала суду, што потым у Цэнтральным РУУС усе яе рэчы былі апісаныя і ніякай маскі ці іншых рэчаў, якімі можна закрыць твар, у яе не было знойдзена.
У цэнтральным судзе Максіма Курцова асудзілі на 12 сутак арышту.
У судзе Цэнтральнага раёну затрыманы Павел Маркаў атрымаў 15 сутак і абвясціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага рашэння, піша „Свабода”. Цяпер судзяць Юлію Філіпаву і Лідзію Вярыгу.