Суды над удзельнікамі перадвыбарных пікетаў у Менску (абноўлена)



У Менску працягваецца разгляд спраў удзельнікаў мітынгаў і шэсцяў падчас выбарчай кампаніі. Як паведамляе ПЦ “Вясна”, па выніках судовага пасяджэння суда Цэнтральнага раёна г. Менска Павел Севярынец і Андрэй Чарняк пакараныя штрафамі 50 базавых велічынь (1275 рублёў), а Наста Гусева, Андрэй Кудзік – 30 базавых. Усе яны ўдзельнічалі ў акцыях “Сустрэчы свабодных людзей”.

Бадай што самым прыкметным і шумным было судзебнае паседжанне па справе Уладзіміра Цыгановіча (ці блогера MozgON). На яго быў складзены пратакол па ўдзелу у акцыі NEXTA 8 лістапада, згодна з якім той выступаў праз мегафон і крычаў “Жыве Беларусь!”. Вось якое меркаванне на гэты конт выказвае сам блогер:

– Філалагічная экспертыза трэба, каб была праведзена, ці з’яўляецца словазлучэнне “Жыве, Беларусь!” абразлівым. Ці выклікала яно ў каго негатыўную рэакцыю? І самае цікавае, што тады трэба перагледзець „Гімн Рэспублікі Беларусь”. “Вечна жыві і квітней, Беларусь!” – трэба тады забараніць на радыё, калі гэта абражае некаторых людзей.

Цыгановіч выказаў супраціў суду за тое, што суддзя Юлія Густыр адразу не прадставілася, а заявіла аб забароне фота- і відэаздымкі. Таму MozgON пачаў зачытваць у зале свой “мемарандум”, які тычыўся правоў чалавека, а шматлікія блогеры, якія прыйшлі падтрымаць яго, рабілі стрымы.

Таму двойчы суддзя рабіла перапынак, падчас якога міліцыянты з дапамогай АМАПу рэкамендавалі ўсім пакінуць залу і скончыць відэаздымку.

– Грамадзяне, выходзім з залы!

– Растлумачце народу, што адбываецца!

На трэці раз суддзя выдаліла Уладзіміра Цыгановіча за непавагу да суда, і правяла пасяджэнне без яго. Сведкамі выступілі АМАПаўцы Малочка і Гаралевіч. Рашэнне суда—штраф у 30 базавых.

Таксама ў судзе Цэнтральнага раёна Менска разглядалася справа Вольгі Нікалайчык за тое, што яна раздавала ўлёткі з заклікам прыйсці на акцыю „Сустрэча свабодных людзей”. Вынік — 50 базавых велічынь штрафу.

Шэраг судоў запланаваны і на 6 снежня.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск

* * * 

У судзе Цэнтральнага раёна Менска 5 снежня праходзяць працэсы ў дачыненні як мінімум сямі ўдзельнікаў вулічных акцый, якія прайшлі 8 і 16 лістапада ў рамках перадвыбарных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты парламента, паведамляе праваабарончы сайт spring96.org.

Гаворка ідзе пра ініцыяваную блогерам Nexta акцыю 8 лістапада, якая прайшла падчас калектыўных пікетаў апазіцыйных кандыдатаў за сталічнай ратушай, а таксама пра арганізаваную 16 лістапада грамадзянскай кампаніяй „Еўрапейская Беларусь” акцыю „Сустрэча свабодных людзей” у рамках пікета Алены Талстой на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасці.

Суды за правапарушэнні, прадугледжаныя арт. 23.34 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавага мерапрыемства), за ўдзел у акцыі 8 лістапада праходзяць у дачыненні да актывісткі Анастасіі Гусевай і блогера Уладзіміра Цыгановіча, у акцыі 16 лістапада — палітыка Паўла Севярынца і актывістаў Андрэя Кудзіка, Арцёма Чарняка, Максіма Вінярскага, Яўгена Афнагеля.

Праваабаронцам таксама вядома, што ў судзе Ленінскага раёна Берасця 5 снежня па аналагічным артыкуле павінны судзіць мясцовага апазіцыйнага актывіста Андрэя Шарэнду.

На гэты момант, паводле інфармацыі праваабаронцаў, вядома, што Гусеву аштрафавалі на 30 базавых велічынь (765 рублёў), Севярынца — на 50 (1.275 рублёў).

Варта адзначыць, што сустаршыню аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Паўла Севярынца напярэдадні па тэлефоне выклікалі ў Фрунзенскае РУУС сталіцы з нагоды яго заклікаў выйсці на Кастрычніцкую плошчу ў знак пратэсту супраць падпісання дакументаў аб „паглыбленай інтэграцыі” Беларусі і Расеі. Пра гэта палітык напісаў на сваёй старонцы ў „Фэйсбуку”.

belapan.by