У Менску судзяць журналістаў
У судзе Кастрычніцкага раёна Менска пачаўся разгляд справы журналіста Аляксандра Васюковіча. Яго абвінавачваюць на падставе артыкула 23.34 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў).
Справу разглядае суддзя Алена Жывіца, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў. Васюковіч знаходзіцца ва УУС Кастрычніцкага раёна. Разбор праходзіць па відэасувязі.
Суддзя забараніла весці фота- і відэаздымку, хоць бакі працэсу не пярэчылі. У зале суда знаходзіцца прыблізна паўтара дзясятка журналістаў.
Васюковіча абвінавачваюць у тым, што ён выкрыкваў падчас акцыі „Жыве Беларусь!”. Ён, у сваю чаргу, паведаміў, што прыйшоў перад пачаткам акцыі, калі пратэстоўцаў яшчэ не было, і практычна адразу разам з іншымі журналістамі быў затрыманы АМАПам.
Васюковіча судзяць першым з чатырох журналістаў, якія правялі мінулую ноч у ІЧУ.
У ізалятары таксама начавалі Кацярына Андрэева, Максім Гарчанок і Андрэй Ярашэвіч. Усе чацвёра адмовіліся разблакаваць свае смартфоны і перадаць іх для праверкі супрацоўнікам міліцыю. У дачыненні да іх былі складзеныя пратаколы за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Усяго напярэдадні вечарам у Менску былі затрыманыя 50 журналістаў, у тым ліку супрацоўнікі БелаПАН Захар Шчарбакоў, Сяргей Сацюк і Таццяна Каравянкова. Апошняя таксама адмовілася перадаць міліцыі свой тэлефон для праверкі. Сілавікі пачалі пагражаць ёй дастаўкай у цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў. У журналісткі падняўся ціск, і ёй выклікалі „хуткую”.
Усіх астатніх журналістаў пасля праверкі дакументаў адпусцілі.
У ліку затрыманых быў і шведскі журналіст Пол Хансен. Да Кастрычніцкага РУУС, дзе знаходзіліся затрыманыя журналісты, прыехала пасол Швецыі ў Беларусі Крысціна Юханесан. Пол Хансен сёння павінен пакінуць Беларусь. Яму забаронены ўезд у краіну на пяць гадоў.