Дашкевіча аштрафавалі за заклік ускладаць кветкі ў Курапатах (абноўлена)
Грамадска-палітычны лідар Зміцер Дашкевіч аштрафаваны ў судзе Цэнтральнага раёну Менску на 45 базавых велічыняў (1147 рублёў 50 капеек).
Сам палітык не лічыць сябе вінаватым.
– Нават для нашай дзяржавы гэта нейкае ноў-хаў. Я заклікаў паставіць свечы, памаліцца, хто можа памаліцца, падтрымаць абаронцаў, хто можа падтрымаць. Ні часу, ні нейкіх там канкрэтных лозунгаў. Таму вельмі дзіўнае абвінавачванне.
На суд над Дашкевічам прыйшлі каля 20 чалавек, палітыкі — Павел Севярынец, Аляксей Янукевіч, Вячаслаў Сіўчык, блогеры і грамадскія актывісты Антон Матолька, Эдуард Пальчыс, кіраўнік Арт-Сядзібы Алесь Снег, сябры Маладога Фронту.
Па словах Паўла Севярынца, адбыўся не суд, а здзек з правасуддзя:
– Не даюць сабе клопату нават пісьменна скласці пратаколы. Заклік да масавага мерапрыемства. Гэта просьба да людзей: прыйдзіце ў Курапаты, пастаўце свечку, памаліцеся. Гэта жах проста.
Думаю, тых, хто фабрыкуе такія пратаколы, трэба або на перакваліфікацыю, або пад крыміналку, — сказаў Павел Севярынец.
Фота svaboda.org
***
У судзе Цэнтральнага раёну Менску 26 сакавіка суддзя Іван Касьцян разгледзеў справу былога лідара «Маладога фронту» Змітра Дашкевіча, якога «людзі ў цывільным» затрымалі пасля выступу на менскім мітынгу на Дзень Волі 24 сакавіка.
Дашкевіча аштрафавалі на 1 147,5 рубля. Паводле суддзі, Дашкевіч «публічна заклікаў да несанкцыянаванай акцыі»: «заклікаў сабрацца ў мtмарыяле Курапаты». Дашкевіч не пагадзіўся: заявіў, што не заклікаў на акцыю, а прапаноўваў толькі запаліць знічы і ўскласці кветкі ў Курапатах, а таксама прыходзіць да мtмарыялу, бо там цяпер пачасціліся акты вандалізму.
***
26 сакавіка Змітра Дашкевіча прывезлі ў суд Цэнтральнага раёна. Пра гэта ў Фэйсбуку паведаміў фатограф Антон Матолька. Ён зняў на відэа момант, калі Дашкевіча заводзяць у будынак суда.
Привезли Зьміцер Дашкевіч
Gepostet von Anton Motolko am Dienstag, 26. März 2019
Суд пачаўся ў 14:30.
Нагадаем, што Змітра Дашкевіча затрымалі на дазволеным мітынгу-канцэрце ў гонар Дня Волі. Акцыя праходзіла 24 сакавіка ў Кіеўскім скверы сталіцы. Дашкевіч выступіў з рэзкай прамовай, пасля якой яго затрымалі людзі ў цывільным на вачах у дзяцей і цяжарнай жонкі.
Амаль двое сутак Дашкевіч прабыў у Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў на Акрэсціна.