У Менску сустракалі асуджаных за Дзень Волі



З менскага Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў пачалі выходзіць арыштаваныя ўдзельнікі святкавання Дня Волі 25 сакавіка.

Іх сустракалі дзясяткі паплечнікаў, а таксама некаторыя лідары беларускай апазіцыі, у прыватнасці, Уладзімір Някляеў, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец.

Усіх вызваленых сустракаюць кветкамі і воплескамі:

– Жыве Беларусь! Здарова, хлопцы!

Сярод рэчаў аднаго з вызваленых, сябра Аб’яднанй грамадзянскай партыі Дзмітрыя Кавалгіна, быў шматмятровы бел-чырвона-белы сцяг, які ён і сустракаючыя разгарнулі каля будынка ізалятара.

Як кажа Зміцер Кавалгін, ён збіраўся разгарнуць яго на шэсці ў Дзень Волі 25 сакавіка:

– Але да акцыі, на жаль, я не дайшоў. Сцяг забралі, але, як бачыце, вярнулі.  Я быў здзіўлены тым, што мне яго вярнулі.

Але я думаю, што мы яго разгорнем і не раз, – дадаў Дзмітрый Кавалгін.

Па словах аднаго з сустракаючых, палітыка Мікалая Статкевіча, відавочна, што настроі ў людзей і ў грамадстве змяніліся:

– Я не думаю, што рэпрэсіі вярнуліся ў такіх памерах як звычайна ў нас бывае напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў ці пасля іх. Думаю, што ўсё ж такі  ўлада мусіць азірацца на Захад. Не тая сітуацыя ва ўлады. І не тыя людзі і грамадства таксама не тое. Відавочна, што людзей, якія ўжо выходзілі на акцыі, такое не напалохае.

Таму пратэсты будуць працягвацца і нягледзячы на істэрыкі ўлады, яе канец ужо блізка, – упэўнены Мікалай Статкевіч.

Ужо зараз бачна, што жорсткія дзеянні ўлады 25 сакавіка людзей не напалохалі, – лічыць паэт і палітык Уладзімір Някляеў. Больш выглядаюць напалоханымі ўлады. І гэта адрознівае сучасную сітуацыю ад той, якая была пасля прэзідэнцкіх  выбараў 2010 года.

– Значна лепей было б уладзе падумаць пра тое, як сумовіцца з грамадствам – з тымі людзьмі, якія думаюць інакш, чым думаюць яны. Калі мы са Статкевічам заклікалі людзей на гэтую акцыю, то задача была якраз у тым, каб змусіць уладу да размовы з народам, а зусім не да таго, да чаго яны прыдумалі – да нейкіх “звяржэнняў”, “Майданаў”, “рэвалюцый”. Гэта ўсё страшылкі з-за іхнага ўласнага страху.

Трэба мяняць падыходы, мяняць палітыку, таму што ў Беларусі наступіў іншы час. А ўлады дзейнічаюць старымі інструментамі, старымі метадамі. І гэта не дае пакуль што ніякай перспектывы для дэмакратычных памкненняў у Беларусі. Шкада! – кажа Уладзімір Някляеў. Але з гэтага можна зрабіць выснову, што рэжым, створаны Аляксандрам Лукашэнкам, увогуле няздольны да ніякіх зменаў, – лічыць Уладзімір Някляеў. 

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота svaboda.org