У Менску трох адміністратараў каналу „Кіроўцы 97%” адправілі ў калонію
У судзе Заводскага раёна чацвёртага чэрвеня быў абвешчаны прысуд па крымінальнай справе супраць чатырох адміністратараў тэлеграм-канала і чата «Кіроўцы 97», паведамляюць праваабаронцы.
Па справе праходзілі палітвязні Дзяніс Гуцін, Вікторыя Кульша і Ганна Вішняк, якія ўтрымліваюцца пад вартай з восені мінулага года. Чацвёртая абвінавачаная — Таццяна Шкробат, якая знаходзілася да суда пад падпіскай аб нявыездзе. Іх абвінавацілі па ч. 1 і ч. 2 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу (Арганізацыя групавых дзеянняў, груба парушаючых грамадскі парадак і падрыхтоўка альбо навучанне такой дзейнасці). Згодна з тэкстам абвінавачвання, усе яны, дзейнічаючы ў злачыннай змове, наўмысна заклікалі да масавых беспарадкаў, блакаванняў дарог у сувязі з незадаволенасцю ўладай і фальсіфікацыяй выбараў.
Слуханні па справе праходзілі ў закрытым рэжыме. Падчас спрэчак пракурор запрасіў пакараць палітвязняў Гуціна, Кульшу і Вішняк, якія сваёй віны не прызналі, двума гадамі і шасцю месяцамі пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Таццяну Шкробат, якая супрацоўнічала са следствам і прызнала віну, — трыма гадамі абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу („хатняя хімія”). Менавіта такі прысуд і вынесла суддзя Жанна Хвайніцкая.
Палітвязні Дзяніс Гуцін, Ганна Вішняк і Вікторыя Кульша былі затрыманы ў перыяд з верасня па лістапад 2020 года. Да суда яны знаходзіліся пад вартай у СІЗА №1. У сакавіку тэлеграм-канал „Кіроўцы 97” быў прызнаны экстрэмісцкім.