У Менску ў міліцыянта спрабавалі забраць пісталет, той пачаў страляць



Затрыманыя раней судзімыя грамадзяне, якія справакавалі канфлікт у кватэры дома на вул. Паўліны Мядзёлкі.

У сталічнай міліцыі праінфармавалі, што 1 кастрычніка ў аператыўна-дзяжурную службу Цэнтральнага РУУС паступіла паведамленне, што з кватэры ў доме на вул. Паўліны Мядзёлкі даносяцца крыкі, а з вокнаў ляцяць бутэлькі. Вартавыя парадку, якія прыбылі ў кватэру, ўбачылі ў ёй сем чалавек, у тым ліку дзвюх жанчын. Як пазней высветлілася, усе яны раней неаднаразова прыцягваліся да крымінальнай адказнасці.

Міліцыянеры паспрабавалі высветліць прычыну супрацьпраўных паводзін грамадзян, іх асобы і падставу знаходжання ў жыллі.

– Пасля гэтага ўсе, хто быў у кватэры, павялі сябе агрэсіўна і сталі правакаваць бойку. Супрацоўнікі міліцыі неаднаразова папярэджвалі пра магчымае прымяненне фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў і зброі, але грамадзян гэта не спыніла. Адзін з іх паспрабаваў завалодаць табельнай зброяй міліцыянера, тады той зрабіў папераджальны стрэл у бок. Аднак і гэта не супакоіла нападніка, пасля чаго супрацоўнік быў вымушаны зрабіць адзін стрэл у нагу нападніку, – распавялі ў ГУУС Менгарвыканкама.

Зараз шэсць грамадзян знаходзяцца ў цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС, а мужчына са скразным раненнем левай галёнкі дастаўлены ў медустанову. Дзеянням затрыманых даецца прававая ацэнка.

minsknews.by