У Менску ўдзельнікаў жаночага ланцуга салідарнасці АМАП выціснуў з плошчы Незалежнасці
У Менску вечарам 28 жніўня каля Чырвонага касцёла адбылася жаночая акцыя салідарнасці.
Як паведамляюць відавочцы ў сацсетках, жанчыны розных узростаў пачалі выстройвацца ў ланцуг каля 19.00. Яны паднялі ўверх рукі з кветкамі, некаторыя трымалі плакаты, адна з дзяўчат вязала, седзячы на прыступках.
Да прысутных падышлі міліцыянеры і пачалі настойліва заклікаць разысціся, заяўляючы аб незаконнасці мерапрыемства. Пры гэтым ад прадстаўнікоў СМІ запатрабавалі адысці на некалькі дзясяткаў метраў.
У сваю чаргу жанчыны, якіх сабралася больш за паўсотні, настойвалі на тым, што нічога незаконнага не робяць і будуць прыходзіць кожны дзень. Яны сталі ў счэпку і пачалі выконваць „Купалінку”. Паступова ўсіх акружыў АМАП. Былі затрыманыя некалькі мужчын, якія стаялі побач, іх пасадзілі ў аўтазак.
У выніку каля 20.00 жанчынам дазволілі пайсці з плошчы, і яны разам рушылі ў бок праспекта Незалежнасці, дзе паступова разышліся.
Варта адзначыць, што ланцугі салідарнасці былі заўважаныя сённяшнім вечарам і ў іншых раёнах сталіцы.
Беларуская асацыяцыя журналістаў са спасылкай на „Нашу Ніву” паведаміла, што ў раёне плошчы Незалежнасці затрымалі некалькі журналістаў, сярод якіх член БАЖ Ілья Кузняцоў.
Праваабаронцы пазбаўленага дзяржрэгістрацыі цэнтра „Вясна” даведаліся, што затрыманыя актывісты „Народнай Грамады” Аляксей Кірэеў і Рыгор Пахарцоў. Яны знаходзяцца ў Маскоўскім РУУС.
Сярод затрыманых таксама Сяргей Кацуба, Акім Юркевіч, Андрэй Семашкевіч.
Паведамляецца таксама, што ў мікрараёне Новая Баравая міліцыя затрымала маладога чалавека, які збіраў подпісы для пачатку адклікання дэпутата Палаты прадстаўнікоў.
belapan.by