У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў рэпрэсій



Група актывістаў сабралася на сталічных Кальварыйскіх могілках, каб узгадаць прозвішчы і лёсы людзей, забітых органамі НКВД і КДБ. Акцыя праходзіла ў межах кампаніі “Вяртанне памяці”. “29-га чысла кожнага месяца мы ўзгадваем ахвяраў савецкіх рэпрэсій у Меснку,” – гаворыць грамадскі актывіст Яўген Батура:

– Гэта звязана з тым, што 29 кастрычніка 1937 года была расстраляна амаль уся беларуская інтэлігенцыя. Грамадства хоча дамагчыся, каб гэты дзень памяці быў на дзяржаўным узроўні. І мы нагадваем дзяржаве, што гэта ёсць. Нагадваем, як можам: ходзім, памінаем, молімся.

Гісторык Ігар Кузняцоў расказаў, што сабраў звесткі пра агульную колькасць месцаў масавых расстрэлаў у Беларусі:

– Мы павінны паказаць, што гэта ўся тэрыторыя Беларусі. У Менску больш за дзесяць пахаванняў, у кожным абласным цэнтры не менш за тры. Вазьміце Магілёў, Гомель і г.д., ёсць і раённыя цэнтры. Агулам я такую мапу падрыхтаваў – гэта больш за 48 населеных пунктаў, і па Беларусі больш за 150 месцаў масавых расстрэлаў. Зразумела, што найбольшая колькасць расстраляна, канешне ж, у Менску.

Падобныя памятныя акцыі ладзіць таксама Рух салідарнасці «Разам». 29-га кастрычніка абедзве ініцыятывы – і Рух, і кампанія «Вяртанне памяці» – плануюць правесці супольную акцыю-ўшанаванне памяці ахвяр палітычных рэпрэсій.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота romanovz.livejournal.com