У Менску ўшанавалі памяць дысідэнта Сяргея Ханжанкова



13 сакавіка, у дзень нараджэння палітычнага вязня 1960-70-х гадоў Сяргея Мікалаевіча Ханжанкова (1942-2016 гг.), у менскім офісе Партыі БНФ прайшла вечарына памяці беларускага дысідэнта.

Сярод прысутных на мерапрыемстве, якое вяла сустаршыня Руху Салідарнасці “Разам” Алена Талстая, былі вядомыя ў Беларусі асобы – прафесар Леанід Лыч, мастак Генадзь Драздоў, гісторык Ігар Лялькоў, пісьменнік Аляксандр Тамковіч і многія іншыя.

На вечарыне са сваімі ўспамінамі пра Сяргея Ханжанкова выступілі заснавальнік Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык, рэжысёры Уладзімір Халіп і Валер Мазынскі, старшыня Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, пісьменнік Ілля Копыл, паэт Славамір Адамовіч, палітык, адзін з лідараў БНК, былы палітвязень Мікола Статкевіч.

Прачула прагучала прамова ўдавы Сяргея Мікалаевіча – Алены Скам’янавай.

У памяць вязня савецкіх канцлагероў свае творы выканалі паэт Зміцер Захарэвіч і бард Андрэй Мельнікаў.

У другой частцы вечарыны адбылося першае ўганараванне мэдалём імя Сяргея Ханжанкова, аўтарам якога стаў вядомы беларускі скульптар – Гэнік Лойка. Заснаванне гэтай узнагароды было ініцыяванае Рухам Салідарнасці “Разам” два гады таму на пахаванні Сяргея Мікалаевіча.

Сёлета Камітэт па ўзнагароджанні ў складзе 15 сяброў Руху, адзінагалосна абраў лаўрэатку – сяброўку Сойма Руху Салідарнасці “Разам” Ніну Багінскую за яе нязломныя і прынцыповыя пазіцыю і дзейнасць па адстойванні грамадскіх правоў і свабодаў у Беларусі.