У Менску ўшанавалі памяць Рут Уолер
Грамадскія актывісты ўшанавалі на сталічных Вайсковых могілках памяць Рут Уолер – грамадзянкі ЗША, якая ў складзе гуманітарнай місіі дапамагала аднаўляць пасляваенную Беларусь і трагічна сышла з жыцця 4 жніўня 1946 года.
Кажа сустаршыня Руху салідарнасці «Разам» Алена Талстая.
– Для мяне яшчэ не толькі прыклад самой Рут Уолер важны, а прыклад яе мужа, каторы не з’ехаў адсюль у роспачы, што ён тут згубіў сваю маладую прыгожую жонку, ёй 25 год было. Менавіта дзякуючы яе мужу праз год у Менску адкрыўся завод «Медпрэпараты», дзе пачалі выпускаць антыбіётыкі. Туды было завезенае самае навейшае абсталяванне. Нашыя фармацэўты былі адпраўленыя на вучобу, каб тут была вытворчасць тых медыкаментаў, якіх якраз не хапіла Рут Уолер, каб застацца ў жывых.
Камуністычныя ўлады БССР імкнуліся не згадваць пра амерыканскі ўнёсак у аднаўленне разбуранай вайной рэспублікі. І толькі ў незалежнай Беларусі адной са сталічных школ надалі імя Рут Уолер.
Максім Каўняровіч, Беларускае Радыё Рацыя, Менск