У Менску ўсталююць помнік Аляксандру Неўскаму. Ідэя зыходзіць ад расейскага боку



Помнік з’явіцца на перакрыжаванні вуліц Старавіленскай і Нававіленскай, непадалёк ад пасольства Расеі.

Пра гэта заявіў пасол Расеі ў Беларусі Барыс Грызлоў.

“Гэта будзе вялікая конная скульптура. Вышыня ад нуля да верхняй кропкі – 11,5 метра, але гэта з улікам пастамента, натуральна. Зараз ідуць работы па заліванні асновы пастамента. Я думаю, што мы зможам гэты помнік адкрыць у гэтым годзе. Гэта было б выдатна», – сказаў ён.

Ідэя ўсталявання помніка зыходзіць ад расейскага боку. Летась, у лістападзе, Грызлоў гаварыў пра яе з кіраўніком РПЦ Патрыярхам Кірылам. Паводле слоў пасла, Аляксандр Лукашэнка таксама падтрымаў праект. Цяпер ім пасольства займаецца сумесна з экзархатам.