У Менску ўводзяць новыя талоны на праезд
«Мінсктранс» выпусціць новыя талоны з абаронай ад падробак. Пра новыя талоны распавяла галоўны эканаміст філіяла «Агенцтва Мінсктранс» Ірына Домарава. Вонкава квіткі падобныя да папярэдніх, але цяпер яны сталі гарызантальнымі і з двух бакоў на іх з’явіліся белыя палі для адзнакі кампосцера.
Домарава распавяла, што новыя талоны пусцяць у абарот з лютага. Разам з імі паралельна будуць дзейнічаць і квіткі старога ўзору.
«Мы мяняем дызайн прыкладна раз у год. Цяпер мы гэта зрабілі ў першую чаргу для зручнасці пасажыраў. Увялі дадатковае поле, каб білет было зручна кампаставаць з двух бакоў. Акрамя таго, дадалі ступень абароны — яна ўнутры білета, каб не падраблялі талоны», – сказала прадстаўніца «Мінсктранса».
Беларускае Радыё Рацыя
Фота sputnik.by