У Менску ўзгадалі палітычнага актывіста Арнольда Пячэрскага



У Менску адбыліся мерапрыемствы у памяць аднаго з лідараў прадпрымальніцкага руху і палітычнага актывіста Арнольда Пячэрскага, які, па афіцыйнай версіі, загінуў у аўтамабільнай катастрофе 20 гадоў таму. Аднак яго родныя, сябры і паплечнікі не выключаюць, што гэта было палітычнае забойства. Як нагадвае сябра Руху салідарнасці „Разам ” Вячаслаў Сіўчык, 1999 год стаў трагічным для беларускай апазіцыі, якая страціла амаль усіх сваіх лідараў. Пры нявысветленых да канца абставінах памёр віцэ-спікер Вярхоўнага Савета 13 склікання Генадзь Карпенка, былі скрадзены палітыкі Юрый Захаранка, Віктар Ганчар, бізнесмен Анатоль Красоўскі. І Арнольд Пячэрскі таксама ўваходзіць у спіс ахвяраў таго страшнага года, упэўнены Вячаслаў Сіўчык.

Дваццаць гадоў мінула са страшнай трагедыі – забойства Арнольда Пячэрскага, які быў першым лідарам беларускіх прадпрымальнікаў, арганізатарам змагання за правы прадпрымальнікаў, сябрам Беларускага народнага фронту «Адраджэнне». Таму Рух салідарнасці «Разам» сабраўся ля магілы Арнольда Пячэрскага, правёў вечарыну яго памяці, бо гэта вялікі беларус. І я вельмі спадзяюся, што калісьці беларускі народ будзе мець магчымасць ушаноўваць памяць гэтага вялікага беларуса.

На імпрэзе памяці Арнольда Пячэрскага выступілі Вячаслаў Сіўчык, а таксама сустаршыня Руху салідарнасці „Разам” Алена Талстая, сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец, актывістка апазіцыі Ніна Багінская, родныя Арнольда Пячэскага. Некалькі песняў у яго памяць выканаў бард Зміцер Захарэвіч. Завяршылася імпрэза хвілінай маўчання і малітвай.

Беларускае Радыё Рацыя, Менск