У Менску вынесены прысуд палітзняволеным анархістам



22 красавіка ў Менскім абласным судзе вынесены прысуд палітзняволеным анархістам Аляксандру БяловуЯўгену РубашкуАрцёму Дзмітрыевічу Салаўю і Арцёму Сяргеевічу Салаўю.

Суддзя Алена Міснік прызнала іх вінаватымі паводле ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса і ч.3 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса і агучыла наступныя выракі: Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю — па пяць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 4,5 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму

Канчатковае пакаранне прызначанае шляхам частковага складання выракаў паводле двух артыкулаў. Паводле ч.1 арт. 342 Аляксандру Бялову, Яўгену Рубашку, Арцёму Дзмітрыевічу Салаўю прызначана па 2,5 гады пазбаўлення волі, Арцёму Сяргеевічу Салаўю — 2 года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Паводле ч.3 арт. 361-1 кожнаму прызначанае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 4 гады.

Пазоў «Мінсктранса» будзе вылучаны ў асобную грамадзянскую вытворчасць.  

Нагадаем, суд над палітзняволенымі распачаўся 29 сакавіка, аднак праз 20 хвілін пасля пачатку працэса пасяджэнне зрабілі закрытым па хадайніцтву пракурора Аляксандра Рамановіча, вядомага па іншых палітычных працэсах: ён падтрымліваў бок дзяржабвінавачання ў пасяджэннях над палітзняволеным студэнтам Уладзіславам Марціновічам, палітзняволеным інжынерам-праграмістам Раманам Канановічам, палітзняволеным антыфашыстам Уладзіславам Зяневічам і іншых.

Ён адзначыў, што дадзеная крымінальная справа выдзеленая з іншай крымінальнай справы, папярэдняе расследаванне па якой вядзецца і дагэтуль — у тым ліку, датычна да іншых меркаваных саўдзельнікаў абвінавачаных. Акрамя таго, матэрыялы справы змяшчаюць інфармацыю, прызнаную экстрэмісцкай. Праз гэта пракурор хадайнічаў аб разглядзе справы ў закрытым рэжыме. Таксама ён адзначыў, што гэта патрэбна дзеля забеспячэння аховы таямніцы следства, якая ахоўваецца законам, а таксама з мэтай выключэння распаўсюджвання інфармацыйнай прадукцыі, прызнанай экстрэмісцкай. Усе абвінавачаныя і іх абаронцы выступілі супраць.

Нягледзячы на гэта, Алена Міснік задаволіла хадайніцтва Рамановіча. Яна дадала, што акрамя заяўленых дзяржабвінаваўцам прычын, у матэрыялах справы ўтрымліваюцца дадзеныя пра асобаў, якія не падлягаюць разгалошванню ў судовым пасяджэнні. Справа разглядалася ў закрытым рэжыме, падрабязнасці па ёй невядомыя.

spring96.org