У Менску вынеслі прысуд у дачыненні да сясцёр Міронцавых



У Менску вынеслі прысуд у дачыненні да сясцёр Міронцавых. Для Анастасіі – два гады калоніі, а для Вікторыі — два гады і шэсць месяцаў калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Анастасію абвінавацілі па двух крымінальных артыкулах (за падзеі 10 жніўня), а Вікторыю — па трох (акрамя 10 жніўня, таксама—за падзеі 14 ліпеня). Агульнае ў сясцёр — гэта групавыя дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак (ч. 1 арт. 342 КК), а таксама гвалт у дачыненні да супрацоўнікаў МУС (ч.1 арт. 364 КК). На лаве падсудных магла апынуцца і яшчэ адна сястра — Аляксандра, але яна паспела з’ехаць з Беларусі. Агулам  у сям’і Міронцавых шэсць сясцёр.

Каментуе сястра Вераніка Міронцава:

– На судзе ўсё, што казалі, яны казалі ў адносінах да ўсіх траіх. Таксама і пра Аляксандру там сведкі таксама казалі, што яе бачылі. І  яна таксама б знаходзілася на той лаўцы разам з дзяўчатамі. Якраз так атрымалася, што яна з’ехала за два дні да таго, як прыйшлі і забралі Віку. У яе проста было, напэўна, нейкае прадчуванне.  

Па гэтай справе — пяць пацярпелых супрацоўнікаў МУС. На суд яны з’яўляліся ў балаклавах. Адвакаты Міронцавых казалі, што паказанні пацярпелых не ўказваюць на тое, што сёстры здзейснілі злачынства. Іх дзеянні могуць падпадаць хіба што пад адміністрацыйную адказнасць, але ніяк не крымінальную.

На судовым працэсе сясцёр пабывала Дар’я Кулікова, сяброўка Анастасіі Міронцавай:

– Балюча гэта назіраць. Такое пастаяннае жаданне ўшчыкнуць сябе, каб прачнуцца. Таму што  тое, што ты бачыш у рэальнасці, не з ніякай логікай і здаровым сэнсам не стыкуецца проста ніяк. Цяжка, але  трэба неяк нам трымацца моцнымі, таму што дзяўчынкам яўна цяжэй, чым нам.  

Судовы працэс над Анастасіяй і Вікторыяй Міронцавымі правёў суддзя суда Савецкага раёна горада Менска Аляксандр Волк.

Анастасія і Вікторыя былі прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя