У Менску выявілі смеццявоз з радыеактыўным ёдам



Надзвычайнае здарэнне адбылося на палігоне „Трасцянецкі” у Менску.

Як паведамляе прэс-служба менскага ўпраўлення МНС, на сметнік прыехаў смеццявоз, інжынер па ахове працы ўбачыў, што машына прадпрыемства „Экалогія горада” „фаніць” – радыяцыйны фон перавышаны. На месца быў выкліканы нарад ратавальнікаў.

На месцы работнікі МНС правялі замеры, каб даведацца магутнасць эквівалентнай дозы, якая выпраменьвалася на паверхні кантэйнера смеццявоза „МАЗ”.

У 10 сантыметрах радыяцыйны фон складаў 0,4 мікразівертаў – было вырашана выгрузіць смецце і знайсці крыніцу выпраменьвання, – растлумачылі ў прэс-службе.

У выніку ратавальнікі знайшлі некалькі чорных пакетаў, ва ўсіх знаходзіліся адпрацаваныя медпрэпараты з ёдам-131. Клас небяспекі рэчывы №4, а перыяд паўраспаду – восем сутак. Пагроз для экалогіі і людзей няма. „Знаходку” утылізавалі па інструкцыі, удакладнілі ў МНС.