Раніцай 9 студзеня ў Беларусі прайшлі лакальныя акцыі пратэсту (абноўлена)
Лакальныя акцыі пратэсту прайшлі раніцай у Менску, Берасці і Гародні. Згодна з фота- і відэасведчаннямі, маршы і ланцугі салідарнасці былі арганізаваны ў сталічных мікрараёнах Усход, Сухарава, Уручча, Новая Баравая, Лошыца, Сляпянка, Сцяпянка і на плошчы Перамогі. У Берасці грамадзяне прайшлі па набярэжнай Скарыны, у Гародні – па мікрараёне Альшанка. Інфармацыі пра затрыманні няма.
Марш у Сухараве
Сёння споўнілася пяць месяцаў з дня пачатку акцый пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і пераследу іншадумцаў. Паводле звестак праваабаронцаў, з 9 жніўня да канца 2020 года былі затрыманы больш за 25 тысяч чалавек.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: nn.by
***
Раніцай у Менску адбыліся пратэстныя маршы. Некалькі сотняў чалавек гулялі пад бел-чырвона-белымі сцягамі па спальных мікрараёнах Серабранка, Сляпянка і Малінаўка. Яны крычалі „Далучайся!”, „Жыве Беларусь!” і „За намі перамога!”.
З канца лістапада пратэстныя маршы ў Беларусі праводзяцца не па цэнтральных вуліцах, а ў спальных раёнах і ў дварах. Першапачаткова час пачатку маршаў быў агульным — 14:00, а пасля таго, як цямнець пачало рана, — у 12:00. Аднак пазней маршы сталі праводзіцца ў розны час. Частка з іх праходзіць раніцай, каб да мінімуму зменшыць магчымыя затрыманні.
Беларускае Радыё Рацыя