У Менску за суткі выпала 87% месячнай нормы ападкаў
За мінулыя суткі (з 9.00 25 ліпеня да 9.00 26 ліпеня) у Менску выпала 77 мм ападкаў, або 77 літраў вады на квадратны метр тэрыторыі. Гэта складае 87% месячнай нормы (89 мм).
За першыя 12 гадзін зарэгістравана 24 мм, за другія — 53 мм. Самыя моцныя ападкі былі вечарам 25 ліпеня і ў першую палову ночы 26-га. Было затоплена 14 участкаў дарог, перарываўся рух транспарту.
Найбольшая колькасць ападкаў адзначаная ў Самахвалавічах, дзе іх колькасць перавысіла месячную норму ліпеня — 104 мм (28+76), або больш за дзесяць 10-літровых вядзёр вады на квадратны метр тэрыторыі.
У Ганцавічах зарэгістравана 62 мм ападкаў (53+9), або 68% месячнай нормы, у Бярэзінскім запаведніку — 57 мм (4+53), або 63%, у Стоўбцах — 53 мм (36+17), або 68%, у Баранавічах — 48 мм (25+23), або 51%.
Роўна год таму, 26 ліпеня 2016-га, у Менску таксама прайшоў лівень, які прывёў да затаплення дарог і спынення руху транспарту.
Сёння ў сталіцы зноў чакаецца навальнічны дождж.
(Выкарыстаныя аператыўныя карты рэсурсу meteoinfo.by і архіў метэаназіранняў на pogoda.by.)