У Менску забаранілі публічнае чытанне Бібліі
Афіцыйна больш за 80% беларусаў з’яўляюцца хрысціянамі. Нягледзячы на гэта ўлады не спрыяюць вернікам у іхняй дзейнасці.
Апафіёзам адносінаў стаў адказ Менгарвыканкама юрысту царквы “Новае Жыццё” – Сяргею Луканіну. Чыноўнікі адзначылі, што чытанне Бібліі ўголас у сталіцы Беларусі не можа адбыцца без дазвола і ліцэнзіі.
“У нас часта злоўжываюць пашыраным трактаваннем закона,” – гаворыць юрыст Наста Лойка:
– Гэта неаднаразова рабілася і тэарытычна пад гэта можна падвесці прабежкі, рэгулярнае святкаванне дня народзінаў, іншых святаў. Абсурдна тое, што зараз, калі падаецца такая заяўка ў Менску, то Менскі гарадскі выканаўчы камітэт разглядае гэта ўжо ні як масавае мерапрыемства, а як рэлігійную дзейнасць і адпаведна не дае магчымасці публічна Біблію пачытаць і выказаць сваё меркаванне.
“Хаця гэта абсурдна, бо зварот мае мірны характар і мэты,” – дадала Наста Лойка. Гэта ўжо не першы раз, калі спадар Луканін сутыкаецца з неабгрунтаваным абмежаваннем дзейнасці. Верніка неаднаразова затрымлівалі за вулічную пропаведзь і чытанне Бібліі.
Беларускае Радыё Рацыя