У Менску зарэгістраваны беларускамоўны ўніверсітэт



У Беларусі ў якасці юрыдычнай асобы зарэгістраваны прыватны ўніверсітэт імя Ніла Гілевіча. Пра гэта ў эфіры нашага радыё паведаміла старшыня Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім, якая выступіла заснавальніцай беларускамоўнай ВНУ:

– Мы маем дакументы аб рэгістрацыі прыватнай установы адукацыі ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. Заснавальнікам выступае Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны. Універсітэт зарэгістраваны.

РР: Трэба знайсці фінансаванне, памяшканне, нейкім чынам наладзіць працу ўніверсітэта. Зараз такія пытанні стаяць перад Таварыствам беларускай мовы?

– Безумоўна, але яны стаяць не толькі перад Таварыствам беларускай мовы, але яны ўжо стаяць і перад тымі, хто будзе працаваць непасрэдна ў структуры ўніверсітэта. Таварыства беларускай мовы выконвае свае функцыі, а затым перадае паўнамоцтвы непасрэдна кіраўніцтву ўніверсітэта. Для таго, каб яно прыступіла да дзейнасці, мы мусім зацвердзіць кандыдатуру рэктара. Рада ТБМ адзінагалосна прыняла рашэнне рэкамендаваць на пасаду рэктара былога старшыню ТБМ Алега Трусава.

РР: Які гэта будзе ўніверсітэт – гуманітарны, а можа тэхнічны? Зараз у Беларусі IT-тэхналогіі папулярныя. Ці яшчэ рана пра гэта казаць?

– У нас ёсць пэўныя думкі адносна таго, якім павінен быць гэты ўніверсітэт. Безумоўна гуманітарны складнік там будзе. Наколькі будзе прадстаўлена IT-спецыяльнасць, пра гэта трэба думаць на перспектыву. Зараз ідзе праца па атрыманні ліцэнзіі.

РР: Атрымліваецца будзе больш гуманітарная накіраванасць ці тэхнічная? Цікава, напрыклад, інжынераў па-беларуску вучыць.

– Нам усё цікава, нам усяго не хапае. У нас прабел з беларускай мовай па ўсіх спецыяльнасцях, і калі ўжо казаць, то ў нас і педагагічныя кадры не валодаюць беларускай мовай. Паглядзіце што робіцца, немагчыма ў садках беларускамоўную групу адкрыць па прычыне адсутнасці кадраў і г. д. Таму чым бы не займаўся ўніверсітэт, якіх спецыялістаў не рыхтаваў, яны ўсе адсутнічаюць на сённяшні дзень у значнай ступені. Мы будзем арыентавацца не на беларускую мову, а на рынак працы, на запатрабаванасць, на перспектыўнасць, і рабіць гэта ў адпаведнасці з тым, на што будзе патрэба ў заўтрашніх выпускнікоў, на што арыентаваны рынак заўтрашняга дня.

РР: Алег Трусаў патрабуе добрай каманды. Як вы думаеце, ці не будзе праблемы сабраць каманду для такога ўніверсітэта ў Беларусі?

– Патрабаванні для прыватнага ўніверсітэта трошкі іншыя, чым для дзяржаўных. Гэта не павінен быць вялікі штат, а па-другое, пэўны рухавік, пэўная каманда ўжо працуе. Я думаю, што ў працэсе нашай далейшай працы будуць падцягвацца прафесійныя і кваліфікаваныя людзі. Я лічу, што праблемы з кадрамі не будзе.

Навучанне ва ўніверсітэце, як і ў іншых прыватных ВНУ, плануецца зрабіць платным. Статут будучай ВНУ прадугледжвае магчымасць навучання па 56 спецыяльнасцях. Плануецца стварыць тры факультэты – гуманітарны, факультэт філалогіі, замежных моў і перакладу, а таксама факультэт культуралогіі і мастацтваў. 

У верасні арганізатары плануюць пачаць працу падрыхтоўчага аддзялення.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя