У Менску засядаў Камітэт выратавання прадпрымальніцтва



Дзве гадзіны доўжылася ў сядзібе БНФ пасяджэнне Камітэта выратавання прадпрымальніцтва, які быў створаны месяц таму пры незарэгістраванай Партыі БХД для «каардынацыі намаганняў у справе абароны правоў і інтарэсаў прадпрымальнікаў». Былі абмеркаваныя прававое ды эканамічнае становішча прадпрымальнікаў ў краіне, а таксама арганізацыя ды ўдзел дробных бізнэсоўцаў у масавых акцыях 14 сакавіка і на Дзень Волі.

Здаецца, споведзі пра пакуты ды страты, што церпяць прадпрымальнікі ў розных кутках краіны, загучалі яшчэ да адкрыцця пасяджэння.

IMG_0952

Міхась Латышаў, прадпрымальнік з Гомеля:

— Я на Даўдаўскім кірмашы працую 10 гадоў, тры апошнія са стратамі. Аплаціў шалёную арэнду, свет, электраэнергію – і ў кішэні нічога. Калі кажаш пра гэта камусьці недасведчанаму, мне адказваюць – ты брэшаш! У цябе ж уласная крама! Насамрэч, уклаўшы туды за гады столькі грошай, энергіі, сіл, не можаш проста так зысці. Таму й цярпелі колькі можна. Зараз мяжа. Увогуле, бізнес наш сезонны – з абуткам, ежай, вопраткай. А ўлетку людзі раз’яжджаюцца па лецішчах – страты абалдзенныя!

РР: Арэнда ўсё роўная тая ж?

Міхась Латышаў: Вядома, ані на грош не змяншаецца! І ў адпачынак не пойдзеш, не аплаціўшы напоўніцу пустуючае месца. Сваё ўладныя пралічылі добра, а нашы страты іх не калышуць. Таму ўкладаць нейкія грошы тут у дробны бізнес бессэнсоўна. Трэба ўцякаць – і падалей ад Беларусі!

Стан руху ў кантэксце агульнага эканамічнага ды геапалітычнага становішча ў краіне абмаляваў незалежны эканаміст Леанід Злотнікаў:

IMG_0956

— Нават калі прыйдуць крэдыты і з МВФ, і з Расеі – ужо надвор’я не зробяць. Сёлета “правіс” Нацыянальны банк на 6 млрд даляраў.  Ва ўрадзе няўвязка ў 3 млрд – таму 2, калі прыйдуць, іх не пакрыюць. Пасля, вы ж ведаеце, вялізныя і з пратэрміноўкай запазычанасці ў процьмы дзяржаўных прадпрыемстваў і арганізацыяў. Сама па сабе лукашэнкаўская “сацыяльна арыентаваная” эканамічная сістэма нежыццяздольная. Трэба рыхтавацца да таго, што сітуацыя будзе станавіцца ўсё больш “крутой”. Ніжэй ватэрлініі могуць апусціцца даходы насельнікаў. І Расея, як раней, нахлебнікаў з Беларусі не падтрымае. Так што ўсё надоўга…

Кажа адзін з лідараў прадпрымальніцкага руху ў 90-х Віктар Гарбачоў з Барысава:

IMG_0958

— Злотнікаў сказаў, што дэфіцыту тавараў не будзе, маўляў, усе паставяць буйныя гандлёвыя сеткі. Аж не – дэфіцыт ужо ёсць, ценявы прадпрымальніцкі бізнес узмацніўся. Праз прадпрыемствы з-пад палы пацяклі тавары. З «вярхоў» пад пагрозай звальнення дырэктараў паступіла каманда перакрыць «вашывым блохам» усе хады-выхады. А па кірмашах носяцца абалдзеўшыя пакупнікі – калі да Новага года маглі купіць майткі за 50 тысяч, дык за сертыфікаваныя ва ўнівермагах цяпер выкладай усе 135-150! І няма выбару! Інакш, тавар будзе, але па іншых коштах і якасці. А цяпер Эўраопт, які “курыруе” жонка Віктара Лукашэнкі, пайшоў у наступ – пакуль на Магілёўшчыну і Берасцейшчыну. Ідзе зачыстка дробных бізнэсоўцаў, на навакольных тэрыторыях да іх крамаў. Ідуць франтальныя праверкі СЭС, дзяржкантролю.  Штодзень людзей зачкрываюць! Як канкурэнтаў, асабліва тых, хто гандлюе ежай. А калі пачнуцца штрафныя санкцыі ў маштабах краіны па 100-200 базавых велічыняў – гэта да 40 млн БЛР – я, да прыкладу, у сабе ў Барысаве не выключаю стварэння брыгад самаабароны. Што будуць закрываць кірмашы, адбіваць ад  уладнага нахабства “сваіх”…

Запрошаныя лідары прадпрымальніцкага руху ды палітычнай апазіцыі Мікола Статкевіч, Анатоль Шумчанка ды Анатоль Лябедзька па розных прычынах не з’явіліся. Але тэму вядомага непаразумення, з-за чаго, нібы, быў афіцыйна забаронены “марш прадпрымальнікаў”, ўзняў усё той жа Віктар Гарбачоў:

У мяне знаёмыя пытаюць – слухай, што там за палітычная парнаграфія ў Менску. Чаго лаюцца, не паразумеюцца між сабой?! Усе ж нармальныя, як пагаварыць. Сапраўды, я лічу нельга публічныя разборкі рабіць! Паводле маіх прагнозаў, 14 сакавіка збярэцца ад адной да трох тысячаў удзельнікаў акцыі. Прынамсі, калі ў Барысаве праходзіў сход – ад 70 да 100 чалавек выказалі жаданне ўзяць удзел. А на Дзень Волі, калі будзе добрая агітацыя, мы дадзім 2-3 тысячы мітынгоўцаў – адназначна!

Сябры Камітэта выратавання прадпрымальніцтва запрасілі дробных бізнэсоўцаў і тых, хто ім спачувае, прыйсці 14 сакавіка да Міністэрства падаткаў і збораў а 13 гадзіне. І выказаць, паводле канстытуцыйнага права, пратэст супраць ўказа нумар 222 ды знішчэння прадпрымальніцкага руху ў краіне.

IMG_0953

IMG_0954

IMG_0955

Віталь Сямашка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара