У Менску затрымалі Міраслава Лазоўскага, але неўзабаве адпусцілі



Паведамляецца, што Міраслава Лазоўскага пасадзілі ў сіні мікрааўтобус менскага АМАПу для праверкі дакументаў і звезлі. Разам з Лазоўскім быў затрыманы Кастусь Касяк — прэсавы сакратар грамадскай кампаніі «Будзьма». Аднак праз кароткі час іх адвезлі назад на месца затрымання і адпусцілі.

* * *

Затрыманні перад Днём Волі. Стала вядома, што затрыманы чарговы актывіст, на гэты раз ім стаў фігурант так званай справы „Белага легіёна”.

З Менска паведамляе наш карэспандэнт.

– Зараз праходзіць святочны канцэрт і мітынг, які ладзіць КХП БНФ у Кіеўскім скверы. Гэта дазволенае мерапрыемства. Па апошняй інфармацыі быў затрыманы актывіст Міраслаў Лазоўскі. Зараз ён дастаўлены ў Цэнтральны РАУС. Вядома, што ён быў затрыманы на бульвары Шаўчэнка, калі сыйшоў з мерапрыемства. Затрыманне бачыў ягоны сябар. Ён паведаміў пра гэта арганізатарам мерапрыемства. Актывіст Міраслаў Лазоўскі вядомы як адзін з фігурантаў па справе “Белага легіёна”.

Як паведамлялася раней, ў Менску затрымалі і змясцілі ў ізалятар тых, хто збіраўся ўдзельнічаць у несанкцыянаваным маршы: а менавіта каардынатара кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля, актывіста Леаніда Кулакова, паэта Уладзіміра Някляева, палітыкаў Вячаслава Сіўчыка і Максіма Вінярскага. Вядома пра затрыманне берасцейскіх блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава. У Бабруйску затрымана адна з заяўніц мітынгу да Дня Волі, актывістка Галіна Смірнова. Аднаму з лідараў Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалаю Статкевічу даслалі пратакол адміністрацыйнага правапарушэння. Яго абвінавачваюць у закліках да ўдзелу 25 сакавіка ў Менску ў «Маршы годнасці і волі».

Беларускае Радыё Рацыя