Затрыманых у Менску журналістаў вызвалілі (абноўлена)



Затрыманых ў Менску незалежных журналістаў і актывістаў Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі адпусцілі з Фрунзенскага аддзялення міліцыі. Як распавёў прэсавы сакратар Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі, на затрыманых склалі пратаколы.

–   Як расказалі затрыманыя, міліцыянты склалі пратакол апытання датычна таго, чаму адбываўся збор подпісаў супраць трансляцыі расейскіх каналаў у Беларусі. Даглядзелі рэчы. Пасля трох гадзін ад моманту затрымання ўсе былі вызваленыя. Што тычыцца журналістаў, то гэта яскравая перашкода законнай журналісцкай дзейнасці. Безумоўна, мы будзем звяртаць увагу і беларускіх уладаў, і міжнароднай супольнасці на чарговы факт перашкоды журналістам выконваць свае прафесійныя абавязкі.

Здымачную групу незалежных тэлежурналістаў затрымалі вечарам непадалёк ад станцыі метро Каменная горка. Яны здымалі вулічную акцыю актывістаў аргкамітэта па стварэнні партыі БХД, у час якой адбываўся збор подпісаў супраць вяшчання на тэрыторыі Беларусі расейскіх тэлеканалаў у звязку з падзеямі ва Украіне. Разам з двума журналістамі затрымалі траіх актывістаў БХД, якія збіралі подпісы.

Допіс by Барыс Гарэцкі.

У гандлёвым цэнтры „Мацярык” у Менску затрымалі здымачную групу незалежных журналістаў, сярод іх Вячаслаў Пяшко.

Як паведаміў прэc-сакратар Беларускай асацыяцыі журналісаў Барыс Гарэцкі, іх даставілі ў Фрунзенскі РУУС:

– У гэтыя хвіліны ўсіх затрыманых даставілі ў аддзяленне Фрунзенскага раёна. Я толькі што размаўляў з дзяжурным, пакуль яны не ведаюць, што будзе далей з затрыманымі. Затрыманыя кажуць, што ў іх пачынаюць браць тлумачэнні, але пакуль невядома ці будуць нейкія пратаколы складацца, які будзе далейшы лёс затрыманых.

Пакуль дакладна невядома па якой прычыне затрымалі незалежных журналістаў. Яны на дадзены момант знаходзяцца ў Фрунзенскім аддзяленні міліцыі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя