У Менску затрымалі раварыстаў „Крытычнай масы”
У апошнюю пятніцу месяца раварысты многіх краін ладзяць масавы заезд «Крытычная маса». Такім чынам яны хочуць звярнуць на сябе ўвагу гарадскіх уладаў і змусіць зрабіць горад зручнейшым для велатранспарту. Такі ж заезд меў адбыцца сёння, 29 красавіка.
Як паведамляе «Наша Ніва» са спасылкай на ўдзельнікаў акцыі, пад Оперным тэатрам на пачатку заезду было каля 35 раварыстаў, 10 асоб у цывільным і чацвёра амапаўцаў.
У 19:23 калона рушыла з-пад тэатра. У 19:42, калі раварысты даехалі да стэлы, канец калоны падрэзаў бардовы мікрааўтобус. З яго выскачылі амапаўцы і пачалі хапаць удзельнікаў.
Шэсць чалавек кінулі на падлогу аўтобуса тварам уніз, нанеслі ўдары па тварах і жыватах, зверху кінулі на іх ровары і павезлі ў Цэнтральны РУУС. Адзін з затрыманых — назіральнік ад БХК Кірыл Кажэнаў.
Падрабязнасці здарэння высвятляюцца. Інфармацыі з РУУС пакуль няма.