У Менску затрымалі Вячаслава Сіўчыка (абноўлена)



Затрыманы адзін з лідараў Руху Салідарнасці „Разам” Вячаслаў Сіўчык. Гэта адбылося, калі палітык разам з паплечнікамі вяртаўся ў Менск з Барысава, дзе ён ладзіў пікет. Сведкам затрымання стала сустаршыня руху Алена Талстая. Яна распавяла, што актывісты арганізацыі ўшанавалі ў Барысаве ахвяраў галоднага бунту, які адбыўся ў гэтым горадзе ў 1932 годзе.

– Мы вельмі аператыўна выправіліся ў Барысаў. Там прайшла акцыя. Да нас далучыліся барысаўскія актывісты. І пасля акцыі, калі мы вярталіся на маршрутцы ў Менск, у маршрутку падселі двое ў цывільным. Калі мы выходзілі з маршруткі, да іх далучыліся яшчэ чацвёра з мікрааўтобуса, які ішоў за намі. Скруцілі яго, заштурхалі ў мікрааўтобус і звезлі ў невядомым напрамку. Людзі на прыпынку ўсё гэта бачылі і, канешне, былі ў жаху ад таго, што адбываецца.

Па словах Талстой, Сіўчык быў падрыхтаваны да затрымання, нават узяў з сабой неабходныя рэчы. Хутчэй за ўсё, улады пераследуюць  яго за ўдзел у мітынгу і дэманстрацыі 1 траўня ў Менску. Верагодней за ўсё, разгляд справы палітыка адбудзецца ў судзе Цэнтральга раёну. Нагадаю, што за дэманстрацыю ў Дзень працы ўжо асуджаныя на 15 сутак сустрашыня Беларускай Хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец і актывіст „Еўрапейскай Беларусі” Максім Вінярскі. У ізалятар на Акрэсьціна 1 траўня даставілі і актывістку з Берасця Наталлю Папкову.

Генадзь Барбарыч, Беларускае Радыё Рацыя

 ***

Лідара руху «Разам» Вячаслава Сіўчыка невядомыя ў цывільным выцягнулі з маршруткі і звезлі ў мікрааўтобусе без нумароў у невядомым кірунку.

Пра гэта Свабодзе паведаміла адна з актывістак руху „Разам” Алена Талстая:

«Актывісты нашага руху зладзілі акцыю ў Барысаве з нагоды гадавіны галоднага бунту, які здарыўся ў горадзе 3 траўня 1932 году. Гэта адбылося ў месцы Барысаўскія Батарэі, дзе Вячаслаў меў прамову перад прысутнымі на акцыі. Калі мы вярталіся ў Менск да нас у маршрутку падселі двое мужчын, якія на прыпынку на вуліцы Маскоўскай у Менску раптам напалі на Вячаслава, выцягнулі яго з маршруткі, гвалтам зацягнулі ў сіні мікрааўтобус і звезлі ў невядомым накірунку. Сёння мы шанавалі памяць загінулых ад рук бальшавікоў-энкавэдзістаў, а зараз Вячаслаў стаўся захоплены іх нашчадкамі».

Алена паведаміла таксама, што распачынае пошукі Вячаслава Сіўчыка ў міліцэйскіх пастарунках.

svaboda.org