Сёння суд абвесціць рашэнне валанцёру «Народнага рэферэндуму»
У судзе Партызанскага раёна Менска сёння маюць абвесціць рашэнне па справе валанцёра “Народнага рэферэндуму”. Актывіста Руху “За Свабоду” Уладзіслава Кошалева за збор подпісаў за “Народны рэферэндум” звінавацілі па артыкуле “Парушэнне парадку арганізацыі, або правядзенне масавых мерапрыемстваў”.
“Пры зборы подпісаў ніякі закон не быў парушаны,” – адзначае намеснік старшыні Руху “За Свабоду” Юрый Губарэвіч, які прысутнічаў на ўчорашнім судовым паседжанні па справе Кошалева.
– Такое звінавачанне зусім безсэнсоўнае. Правядзенне рэферэндуму не з’яўляецца масавым мерапрыемствам, і тым больш падрыхтоўкай да рэферэндуму не займаюцца зборшчыкі подпісаў. Гэта выключна кампетэнцыя дзяржаўных органаў. А наша задача на сённяшні момант – гэта збіраць подпісы грамадзян Беларусі пад зваротам да дзяржаўных органаў.
28 кастрычніка Уладзіслаў Кошалеў збіраў подпісы за «Народны рэферэндум» у інтэрнаце аднаго з ПТВ на вуліцы Ваўпшасава ў Менску. Гэта не спадабалася намесніцы дырэктара па ідэалогіі гэтай навучальнай установы. Чыноўніца адабрала ў актывіста падпісныя лісты і выклікала міліцыю.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя
* * *
Пра гэта паведаміў намеснік старшыні руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. „Наш зборшчык зараз знаходзіцца ў РАУСе Партызанскага раёна Менска,” – кажа палітык.
– Я разам з ім туды прыехаў, калі адбылося затрыманне супрацоўнікамі міліцыі. Тлумачыў намесніку начальніка РАУСа, што збор подпісаў адбываецца ў межах дзеючага заканадаўства. Зборшчык дзейнічаў цалкам законна. А вось перашкоды з боку адміністрацыі навучальнай установы былі якраз незаконнымі. Тым больш забралі аркушы людзей, якія ўжо падпісаліся ў падтрымку “Народнага рэферэндуму”.
Міліцыя хоча ўзяць тлумачэнні ва ўсіх падпісантаў за “Народны рэферэндум”, запатрабавала таксама статут Руху “За свабоду”.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
Фота lev-shlosberg.livejournal.com