У Менску затрыманы адміністратар чата і тэлеграм-канала „Новая Баравая 98%”



Супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС затрымалі 34-гадовага жыхара Менскага раёна, які кіраваў закрытым чатам і тэлеграм-каналам сталічнага мікрараёна Новая Баравая, паведамляе прэс-служба МУС.

„У тэлеграм-канале адміністратар не толькі абмяркоўваў спосабы дэстабілізацыі становішча ў краіне, псавання маёмасці і інфраструктуры, а таксама выказваў пагрозы ў дачыненні да службовых асоб дзяржорганаў і міліцыянераў. Сам ён неаднаразова браў удзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, за што прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці”, — гаворыцца ў паведамленні.

У кватэры затрыманага, паведамляе міліцэйскае ведамства, аператыўнікі знайшлі пратэстную сімволіку і больш за 1,5 тыс. „улётак з заклікамі”, канфіскаваны яго мабільны тэлефон.

Затрыманаму вынесенае афіцыйнае папярэджанне ў адпаведнасці з законам „аб супрацьдзеянні экстрэмізму”. Найбліжэйшым часам яго дзеянням і дзеянням іншых удзельнікаў названых тэлеграм-рэсурсаў будзе дадзеная прававая ацэнка па крымінальнай справе, распачатай за стварэнне экстрэмісцкага фармавання, адзначылі ў МУС.

У youtube-канале МУС апублікаванае відэа, на якім затрыманы заяўляе, што мадэраваў чат і тэлеграм-канал „Новая Баравая 98%” і прызнае віну.

Паводле інфармацыі тэлеграм-канала motolkohelp, з 11 сакавіка ў Новай Баравой затрымалі больш за 10 чалавек.

belapan.by