У Менску затрыманы актывіст анархісцкага руху Дзмітрый Паліенка



У Менску каля дзясятай гадзіны раніцы ў сваёй кватэры быў затрыманы актывіст і былы палітвязень Зміцер Паліенка. Яго падазраюць у здзяйсненні злачынства на падставе ч. 3 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства).

Як распавёў намеснік старшыні праваабарончага цэнтра „Вясна” Валянцін Стэфановіч, пра затрыманне распавяла сяброўка Змітра Наста Гусева:

– Адбывабцца ператрусы, нібыта ў межах крымінальнай справы ўзбуджанай па ч. 3 339 арт. Крымінальнага кодэкса (асабліва злоснае хуліганства), якое было здзейснена з прымяненнем фізічнай сілы ці сродкаў, якія прызначаныя для прычынення такой шкоды. Па словах ягонай сяброўкі, тыдзень таму ён чакаў нейкага сябра ў пад’ездзе на пляцоўцы, і нейкі п’яны агрэсіўны мужчына да яго чапляўся, абражаў, ударыў яго па твары, а ён у адказ пырснуў яму балонікам з газам. Гэта са словаў ягонай сяброўкі. Пакуль іншай інфармацыі у нас няма.  

„Вобшук у кватэры Змітра цягнуўся каля гадзіны. У актывіста канфіскавалі кампутар і мабільны тэлефон, літаратуру, улёткі і налепкі. У Насты Гусевай, якая знаходзілася ў той момант у кватэры, таксама канфіскавалі мабільны тэлефон. Паводле актывісткі, уся ўвага сілавікоў была накіравана менавіта на літаратуру і іншыя друкаваныя матэрыялы, якія знайшлі ў Паліенкі. Усе іх пытанні былі пра гэта, а абставіны справы іх асабліва не цікавілі. Пасля вобшуку Змітра Паліенку павезлі ў міліцйэскі пастарунак, адкуль, хутчэй за ўсё, павязуць у Следчы камітэт, – паведамляюць праваабаронцы „Вясны”.

Пасля вобыску Паліенку павезлі ў гарадскі аддзел міліцыі № 2. Адтуль яго, хутчэй за ўсё, павязуць у Следчы камітэт.

Дзмітрый Паліенка — актывіст анархісцкага руху. 24 кастрычніка 2018 года быў вызвалены з бабруйскай папраўчай калоніі № 2. Крымінальную справу ў дачыненні да яго распачалі пасля велапрабегу „Крытычная маса” ў красавіку 2016 года ў Менску. 12 кастрычніка 2016 года суд прызнаў яго вінаватым у „гвалце або пагрозе гвалту ў дачыненні да супрацоўніка праваахоўных органаў” — маладога чалавека абвінавацілі ў тым, што ён парваў куртку міліцыянеру. Беларускія праваабаронцы прызналі Паліенку палітвязням.

Паліенка таксама з’яўляецца фігурантам справы паводле арт. 341 Крымінальнага кодэкса, якую 23 студзеня распачаў Следчы камітэт за нанясенне графіці на адзін з будынкаў на вуліцы Ахоцкай у Заводскім раёне Менска. Разам з ім па гэтай справе праходзяць Яўген Чуліцкі і Анастасія Гусева.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя