У Менску затрыманы анархіст Мікола Дзядок



Праваабаронцам ПЦ „Вясна” стала вядома, што затрымалі былога палітвязня Мікалая Дзядка.

Па папярэдняй інфармацыі, яго судзяць у судзе Фрунзенскага раёна г. Менска па арт. 17.10 КаАП – „Прапаганда і (або) публічнае дэманстраванне, выраб і (або) распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі”. 

Па інфармацыі „Новага часу”, дзе Мікалай Дзядок працуе журналістам, яго затрымалі ў 9:40 12 ліпеня, калі ён рухаўся на суд Зміцера Галко. У затрыманні ўдзельнічаў АМАП. Падставай для абвінавачвання сталі публікацыі актывіста ў фейсбуку.

Нагадаем, што Мікалай Дзядок 30 чэрвеня ўдзельнічаў у нефармальнай анархісцкай сустрэчы ў лесе пад Крупкамі, якая была жорстка разагнаная спецназам. Сам Мікола правёў пяць гадзінаў пад дажджом з рукамі, закутымі ў кайданкі.

Пазней Мікалай Дзядок накіраваў скаргу ў Крупскі раённы аддзел Следчага камітэту з нагоды перавышэння супрацоўнікамі САХРа і ГУБАЗіК сваіх службовых паўнамоцтваў падчас затрымання анархістаў 30 чэрвеня ля Крупак.

ПЦ „Вясна”