У Менску быў затрыманы Яўген Афнагель (абноўлена)
Апазіцыйнага актывіста Яўгена Афнагеля адпусцілі з Бараўлянскага аддзела міліціі Менскага РУУС, паведаміла БелаПАН яго жонка Кацярына.
Паводле яе слоў, актывіст праходзіць „сведкам па справе аб крадзяжы”. У міліцыі яго пратрымалі некалькі гадзін.
* * *
У Менску днём 5 снежня затрыманы апазіцыйны актывіст Яўген Афнагель.
Як паведаміла БелаПАН яго жонка Кацярына, яны каля 13 гадзін ездзілі на склад будматэрыялаў у Калодзішчах, дзе купілі лісты металу для варот свайго дома. „На выездзе са склада нас спыніла машына ДАІ і яшчэ з некалькіх машын выбеглі людзі ў цывільным, пачалі здымаць на відэакамеру тое, што адбываецца, казалі, што гэтыя лісты металу мы скралі”, — распавяла жонка актывіста.
Зараз Афнагель знаходзіцца ў Бараўлянскім РУУС, а яго жонку адпусцілі адразу ж пасля дачы тлумачэнняў. Жонка актывіста не ведае, з чым звязаныя гэтыя дзеянні праваахоўнікаў.
Яўген Афнагель вядомы як каардынатар кампаніі „Еўрапейская Беларусь”, а таксама як адзін з прыхільнікаў Беларускага нацыянальнага кангрэсу (абедзве арганізацыі не зарэгістраваныя ў Беларусі).
Афнагель быў адным з удзельнікаў несанкцыянаванай акцыі ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, якая прайшла ўвечары 29 кастрычніка перад цэнтральным уваходам у будынак КДБ на праспекце Незалежнасці ў Менску.