Чарговыя 10 сутак Паўла Севярынца



Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Павел Севярынец асуджаны судом Фрунзенскага райну Менску на 10 сутак адмінітрацыйнага арышту. Ён пакараны за правядзенне вахты каля рэстарану „Поедем поедим”, які пачаў працу побач з мемарыялам ахвярам сталінскіх рэпрэсіяў Курапаты. Па словах маці палітыка Таццяны Севярынец, Павел вырашыў на суд не ісці, а пабыць з сям’ёй, таму што пасля арышту абаронцы Курапатаў  Максіма Вінярскага было зразумела, што і яго адправяць за краты.

– Сам ён нікуды не хадзіў, журналісты яму паведамілі па тэлефоне пра вырак 10 сутак. Паша сабраўся, што трэба дома парабіў і пайшоў з рэчамі на вуліцу. Там яго ўжо чакалі. Калі Белсат прыязджаў, яны ўжо яго папярэдзілі, што там сіні бусік ужо палюе. Паша выйшаў, яны падыйшлі, ціха, спакойна пагрузілі і павезлі яго на Акрэсціна.

Аднак, па словах Таццяны Севярынец, арышты пратэстуючых супраць забаўляльнай установы побач з мемарыялам не прывядуць да сканчэння вахты каля рэстарану. „Ёсць людзі прыстойныя, каму баліць, як і Паўлу. Таму гэтая варта працягнецца”, – запэўніла Таццяна Севярынец.

* * *

6 жніўня ў Менску затрыманы сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі „Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Павел Севярынец. „Яго затрымалі, калі ён выходзіў з дома. Каля пад’езда яго чакаў сіні мікрааўтобус, у які яго пасадзілі і павезлі”, — паведаміла БелаПАН жонка палітыка Вольга Севярынец.

За некалькі гадзін да затрымання суд Фрунзенскага раёна Менска пастанавіў пакараць Севярынца дзесяцісуткавым арыштам за правядзенне несанкцыянаванага пікета (артыкул 23.34 КаАП „Парушэнне парадку арганізацыі, правядзення масавага мерапрыемства”). Два супрацоўнікі міліцыі паказалі ў судзе, што 21 ліпеня Севярынец „у складзе групы грамадзян” пікетаваў рэстаран „Поедем поедим” у Курапатах: стаяў каля ўязных варотаў, трымаў у руцэ бел-чырвона-белы сцяг, перашкаджаў праезду аўтамабіляў і раздаваў улёткі.

Сам Севярынец у суд не прыйшоў.

4 жніўня, таксама каля свайго дома, быў затрыманы і арыштаваны на 10 сутак за ўдзел у акцыі ў Курапатах актывіст кампаніі „Еўрапейская Беларусь” Максім Вінярскі.

Пратэсты з нагоды працы рэстарана „Поедем поедим” ва ўрочышчы, дзе пахаваны ахвяры сталінскіх рэпрэсій, грамадскія актывісты праводзяць штодня з 31 мая. Яны дамагаюцца закрыцця ўстановы і пераносу рэстараннага комплексу ў іншае месца. Многія абаронцы Курапатаў ўжо былі аштрафаваныя або зведалі адміністрацыйны арышт.

На сустрэчы з журналістамі 20 ліпеня адзін з уласнікаў комплексу Леанід Зайдэс заявіў, што гаворка пра закрыццё або перанос рэстарана „Паедзем паядзім” не ідзе. Па словах бізнесмена, уладальнікі ўстановы спрабавалі знайсці з пратэстоўцамі агульную мову і кампраміснае рашэнне, але „пэўныя сілы пайшлі на эскалацыю канфлікту”. „Акрамя таго, са мной пачалі гаварыць на мове ўльтыматумаў, асабістых пагроз і фактычнага шантажу. Але з шантажыстам, як вядома, ніхто ў свеце перамоў не вядзе. Таму ніякіх кантактаў з людзьмі, якія свядома распальваюць гэты канфлікт і не шукаюць вырашэння, больш не будзе (…) З людзьмі, якія цяпер паліваюць мяне, супрацоўнікаў і наведвальнікаў брудам, кідаюцца пад аўтамабілі, спрабуюць аказаць ціск на нашых партнёраў, мы будзем размаўляць толькі ў судзе”, — падкрэсліў Зайдэс.

„Гэта бізнес, у які інвеставаны немалыя сродкі, — дадаў ён. — Гэта 80 працоўных месцаў у Мінскім раёне. Гэта адна з нямногіх устаноў на кальцавой дарозе. І што б ні казалі нашы апаненты, у нас нямала наведвальнікаў, нават нягледзячы на тое, што ім даводзіцца літаральна прарывацца на тэрыторыю рэстарана літаральна праз кардон”.

belapan.by