У Менску затрыманы расеец з двума кілаграмамі псіхатропнага рэчыва



Супрацоўнікамі сталічнага наркакантролю пры падтрымцы байцоў спецпадраздзялення МУС „Алмаз” падчас аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў па выяўленні асоб, якія займаюцца збытам псіхатропных рэчываў праз інтэрнэт, затрыманы 20-гадовы грамадзянін Расеі.

Як паведамляе ГУУС Менгарвыканкама, ураджэнец Калмыкіі ў Менску жыве з бацькамі. Ён працаваў у адным са сталічных начных клубаў, быў аптовым „закладчыкам” псіхатропных рэчываў.

Падчас аператыўных мерапрыемстваў маладога чалавека затрымалі па месцы жыхарства. У кватэры па вуліцы Бяды праваахоўнікі знайшлі і канфіскавалі прыблізна два кілаграмы парашкападобнага рэчыва, якое змяшчае псіхатропныя кампаненты. Як удалося ўстанавіць, працу па збыце забароненых рэчываў малады чалавек знаходзіў праз сацыяльныя сеткі.

У дачыненні да затрыманага распачатая справа на падставе ч. 3 арт. 328 КК (незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх прэкурсораў і аналагаў).

belapan.by