У Менску затрыманы сябра Цэнтральнай рады Беларускай партыі „Зялёныя” Дзяніс Тушынскі



Пра гэта ў Facebook паведаміў яе старшыня Дзмітрый Кучук. Паводле яго інфармацыі, раніцай у пятніцу, 3 снежня, у кватэру Тушынскага прыйшлі амапаўцы са следчымі. Пасля ператрусу экаактывіста сілавікі забралі з сабой. Яны нібыта знайшлі „нейкі сцяжок”.

Падчас прэзідэнцкіх выбараў Дзяніс Тушынскі быў незалежным назіральнікам. Больш за два гады ён выкладаў ангельскую мову на факультэце міжнародных адносін Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У пачатку сакавіка даведаўся пра звальненне.

Тушынскага неаднаразова затрымлівалі. 8 жніўня мінулага года яго схапілі разам з іншымі актыўнымі назіральнікамі на выбарах. Пасля ён апынуўся за кратамі пасля аднаго з восеньскіх маршаў. 16 лютага яго затрымалі пасля таго, як замацаваў на дрэве маленькі бел-чырвона-белы сцяжок, і асудзілі на 15 сутак. Умовы на Акрэсціна Дзяніс Тушынскі параўноўваў з канцлагерам.