У Менску затрыманы відэаблогер Мікалай Маслоўскі



У Менску затрыманы відэаблогер Мікалай Маслоўскі, давераная асоба кандыдата ў прэзідэнты Святланы Ціханоўскай, паведамляе spring96.org.

Маслоўскі, які вядзе ў тэлеграм-канале старонку „Беларусь ЗА перамены”, быў затрыманы падчас стрыму з вуліцы, дзе збіраўся пагаварыць з мінчанамі з нагоды фатаграфавання запоўненага бюлетэня на будучых прэзідэнцкіх выбарах.

Да Маслоўскага падышлі невядомыя і прапанавалі прайсці з імі:

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, зараз Маслоўскі знаходзіцца ў сталічным цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў.

Грамадзянскія актывісты цяпер прапануюць розныя механізмы выяўлення фальсіфікацый. Так, ініцыятыва „Сумленныя людзі” распрацавала анлайн-платформу „Голас”, на якой можна прагаласаваць за альтэрнатыўных кандыдатаў. Выбаршчыкаў заклікаюць фатаграфаваць свае запоўненыя выбарчыя бюлетэні і высылаць фота на гэтыя платформы.

У адказ улады запусцілі на беларускіх тэлеканалах ролікі пра будучыя выбары, у якіх у тым ліку інфармуюць грамадзян, што „законам не прадугледжана” фатаграфаванне бюлетэня на выбарчым участку. Таксама ў СМІ з’явілася інфармацыя, што ў кабінах для галасавання на некаторых выбарчых участках не будзе штор, якія хаваюць выбаршчыка ў момант запаўнення бюлетэня.