Аляксандр Зянкоў вызвалены з міліцыі (абноўлена)



Аператара тэлеканала „Белсат” Аляксандра Зянкова адпусцілі з міліцыі, паведаміў БелаПАН намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Барыс Гарэцкі. Паводле яго слоў, ва УУС Савецкага раёна Менска ў дачыненні да Зянкова склалі пратакол апытання і скапіравалі відэазапіс з камеры. „Мы расцэньваем гэта як незаконнае затрыманне журналіста, — заявіў Гарэцкі. — Па-першае, беларускае заканадаўства прадугледжвае адказнасць за перашкоду працы журналіста. Па-другое, яно не дапускае адвольных затрыманняў, што фактычна адбылося”.

Гарэцкі паведаміў, што арганізацыя будзе пісаць скаргі на дзеянні супрацоўнікаў міліцыі. Зянкова затрымалі пасля завяршэння на сталічнай плошчы Якуба Коласа акцыі супраць хатняга гвалту, якую ладзіла ініцыятыўная група „Маршыруй, дзетка!”. Да аператара падышлі два супрацоўнікі міліцыі і чалавек у цывільным і прапанавалі праехаць у Савецкае РУУС.

* * * 

У Менску супрацоўнікамі міліцыі быў затрыманы журналіст Аляксандр Зянкоў.

Журналіст Аляксандр Зянкоў. Фота з сацыяльных сетак

Як паведаміў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў  Барыс Гарэцкі, журналіста адвезлі для разбіральніцтва ў міліцэйскі пастарунак Савецкага раёна беларускай сталіцы:

– На плошчы Якуба Коласа ў Менску была акцыя, якую асвятляў гэты журналіст. Праводзіў там відэаздымкі. Ён быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі. І зараз яго завезлі ў Савецкі РАУС. Мы з ім мелі сувязь літаральна некалькі хвілін таму. Пакуль яго апытваюць адносна таго, што ён там рабіў. Мы спадзяемся, што журналіста вызваляць.

“Мяне трошкі затрымалі”, – паспеў напісаць  Аляксандр Зянкоў на сваёй старонцы ў фэйсбуку і змясціў сваё самотнае фота. У  Міжнародны дзень правоў чалавека, які адзначаецца сёння, у Менску на плошчы Якуба Коласа ініцыятыва “Маршыруй, дзетка!” зладзіла “арт-інтэрвенцыю” супраць хатняга гвалту над жанчынамі, якую і асвятляў журналіст.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя