У Менску затрыманыя трое мужчын, якія нібыта рыхтавалі напады на сілавікоў
У Менску затрыманыя трое мужчын, што рыхтавалі напады на сілавікоў. Пра гэта паведаміла афіцыйны прадстаўнік МУС Bольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.
Адзін з затрыманых – 32-гадовы ўраджэнец Берасцейскай вобласці, які пражывае ў Менску. «У мінулую нядзелю, 13 верасня, ён стаў падшукваць кампаньёнаў для паходу на незаконную акцыю, каб нападаць на АМАП. На прапанову адгукнуліся двое 21-гадовых хлопцаў.
Змоўшчыкі сустрэліся на вуліцы Сердзіча, дзе іх і затрымалі. У аўтамашыне першага знаходзіліся петарды і шашкі, балаклавы, Фільтры ад процігазаў, нож і рагатка», – гаворыцца ў паведамленні. Пры вывучэнні тэлефона галоўнага фігуранта высветлілася, што ён «удзельнік масавых беспарадкаў», – дадала Чамаданава. Зараз усе трое затрыманыя да суда па адміністрацыйнай справе. Матэрыялы праверкі перададзены ў Следчы камітэт.
Беларускае Радыё Рацыя
Фота: belta.by