У Менску затрыманыя ўдзельнікі акцыі пенсіянераў
У цэнтры Менска 23 снежня прайшоў „пазачарговы” Марш мудрасці — акцыя пенсіянераў, якая звычайна праводзіцца па панядзелках.
Тэлеграм-каналы размяшчаюць фатаграфіі і відэазапісы, на якіх каля двух дзясяткаў людзей з бел-чырвона-белымі сцягамі, парасонамі і стужкамі ідуць па вуліцах Веры Харужай, Куйбышава і Кульман, скандуючы „Жыве Беларусь!”, „Свабоду нашым дзецям!” і „Фашызм не пройдзе!”.
Адна з пастаянных удзельніц маршу паведаміла БелаПАН, што ў канцы акцыі на вуліцы Багдановіча пачаліся затрыманні. „Бліжэй да парку Дружбы Народаў пад’ехаў белы бус і забраў меркавана трох чалавек. Забіралі тых, хто маладзейшы, у раёне 50 гадоў”, — сказала яна.
Прозвішчы затрыманых і іх дакладная колькасць пакуль невядомыя.
Папярэдняя акцыя 21 снежня прайшла без загадзя абвешчанага месца збору, каб пазбегнуць затрыманняў.
Фота: t.me/nexta_tv