У Менску затрыманыя Яўгенія Доўгая, Вольга Шпарага і Юлія Міцкевіч



У Менску 9 кастрычніка затрыманыя журналістка Яўгенія Доўгая, а таксама суарганізатары фем-групы Каардынацыйнай рады па ўрэгуляванні палітычнага крызісу ў краіне Вольга Шпарага і Юлія Міцкевіч.

Як паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў, Яўгенію Доўгую затрымалі на вачах васьмігадовай дачкі. Спачатку яе даставілі ў Партызанскае РУУС, затым — у ізалятар на Акрэсціна.

Паколькі ў Доўгай непаўналетняе дзіця, за правапарушэнне яе не могуць пакараць адміністрацыйным арыштам. Аднак яе маюць права затрымаць да суда, які з улікам выхадных пройдзе не раней за панядзелак.

Каардынацыйная рада ў тэлеграме паведамляе, што сёння таксама была зноў затрыманая кандыдат філасофскіх навук, выкладчык ECLAB Вольга Шпарага. Яе выклікалі для дачы паказанняў у Савецкае РУУС, аднак праз дзве гадзіны яе мужу стала вядома, што Вольга ўжо знаходзіцца ў ІЧУ на Акрэсціна. Яе затрымлівалі 4 кастрычніка падчас чарговай нядзельнай акцыі прыхільнікаў перамен — Маршу вызвалення палітвязняў.

Акрамя гэтага, затрыманая Юлія Міцкевіч — каля офіса, дзе яна працуе.

Варта адзначыць, што затрыманні адбыліся напярэдадні праанансаванай у сацсетках суботняй жаночай акцыі супраць палітычных рэпрэсій.

belapan.by

Фота: Новы Час