У Менску затрымлівалі актывістку Іну Дабратвор
Актывістка руху „За Свабоду”, маці пяцярых дзяцей Іна Дабратвор 21 сакавіка была затрыманая, на яе складзены пратакол пра парушэнне парадку правядзення масавых мерапрыемстваў, у рамках праверкі па крымінальнай справе дома прайшоў вобшук.
За Інай Дабратвор прыйшлі каля 13.30, заявіўшы, што з ёй хоча пагаварыць намеснік начальніка УУС Заводскага раёна Сяргей Доўнар, паведаміў БелаПАН яе муж, журналіст і актывіст Ілля Дабратвор. У пад’ездзе, дзе пражывае сям’я, расклееныя фатаграфіі палітвязняў, а на вокнах кватэры віселі плакаты з Віктарам Бабарыкам, Марыяй Калеснікавай, Святланай Ціханоўскай і герб „Пагоня”.
„На жонку склалі пратакол паводле ч. 3 арт. 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). Акрамя таго, праводзяць даследчую праверку паводле арт. 341 КК (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці). У межах праверкі ў нас дома прайшоў вобшук”, — растлумачыў Дабратвор.
Паводле яго слоў, жонка была ў аддзяленні прыкладна да 17.30, потым яе прывезлі дадому. „Доўгі час міліцыя не магла знайсці панятых. Знайшлі аднаго, але ён потым адмовіўся, прыйшлося перапісваць дакументы”, — паведаміў актывіст.
Дабратвор адзначыў, што суседзі ў цэлым іх падтрымліваюць, аднак адна жанчына напісала заяву ў міліцыю. „Гэтыя фатаграфіі палітвязняў віселі ў пад’ездзе яшчэ да Новага года, прыходзіла міліцыя, але нікога гэта не хвалявала”, — здзівіўся ён.
„Мяне затрымалі днём, мы паехалі ва УУС Заводскага раёна. Там са мной размаўляў намеснік начальніка ўпраўлення, праводзіў ідэалагічную працу цэлую гадзіну. Затым на мяне склалі пратакол апытання і парушэння, напісалі, што я пікетавала”, — паведаміла БелаПАН Іна Дабратвор.
Паводле яе слоў, у выніку вобшуку канфіскаваны бел-чырвона-белы сцяжок, сарваны фотаздымак Бабарыкі, „Пагоню” не чапалі.
У снежні 2020 года Ілля і Іна Дабратвор былі затрыманыя і аштрафаваныя ў агульнай складанасці на 95 базавых велічынь (2.565 рублёў). Тады ў мужа і жонкі ў міліцыі забралі ўсе наяўныя грошы, мабільныя тэлефоны, флэш-карты.