У Менску збіралі подпісы за адмену прымусовага размеркавання
28 сакавіка ў Менску Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты збіралі подпісы за скасаванне прымусовага размеркавання. Пра гэта прэс-службе БХД паведаміла лідарка МХД Марына Хоміч.
«Мы даўно займаемся рэформамі сістэмы адукацыі. Абмежаванне практыкі размеркавання – адно з патрабаванняў Дарожнай карты, якую Беларусь атрымала ў выніку далучэння да Балонскага працэсу», – кажа актывістка.
Марына Хоміч падкрэсліла, што са свайго боку Маладыя Хрысціянскія Дэмакраты выступаюць за скасаванне прымусовага размеркавання і за пераход да альтэрнатыўнага размеркавання.
«Калі выпускнікі хочуць, каб дзяржава забяспечыла іх першым месцам працы – дзяржава павінна гэта зрабіць, калі ж маладыя спецыялісты самі ў стане працаўладкавацца – дзяржава не павінна ў гэта залазіць. Даўно пара спыніць гэты прыгон і не развязваць праблему адсутнасці кваліфікаваных кадраў у вёсках за кошт маладых людзей!» – адзначыла Марына Хоміч.
Фота bchd.info