У Менску збіраюць рэчы для чачэнскіх уцекачоў



У Менску на працягу двух дзён пройдзе збор цёплых рэчаў для ўцекачоў, што знаходзяцца ў Берасці. Іх тут зараз налічваецца каля двух тысяч, у асноўным выхадцы з Чачні.

14369968_1778737292385208_2952053778716638232_n

Спробы прыехаць у Польшчу і атрымаць статус уцекача блакуюць польскія памежнікі. Замежнікі вымушаныя пакуль шукаць прытулку ў Берасці.

„Некаторым сем’ям даводзіцца начаваць на вакзале, таму амаль усе дзеці хварэюць, з высокай тэмпературай”, – распавёў праваабаронца Раман Кісляк:

– Гэта такі збор рэчаў для ўцекачоў, бо стала вельмі халодна, некаторыя жывуць на вакзале, хварэюць. Яны прыехалі летам, у іх няма цёплых рэчаў для такога надвор’я. Хлопцы пачалі такую акцыю. Людзі ўцякаюць у асноўным з Чачні, а таксама Дагестана, Інгушэціі, Таджыкістана. Людзі ўцякаюць ад свавольства ўладаў, а польскія памежнікі таксама свавольнічаюць. Фактычна ўсталявалі фільтр, які абсалютна незаконны – не дапускаюць людзей да працэдуры атрымання прытулку.

Падчас акцыі будзе праводзіцца збор цёплых дзіцячых рэчаў, патрэбныя курткі, коўдры, пледы, спальнікі, вельмі патрэбныя таксама памперсы ды жаночае адзенне, паведамляе дабрачынная суполка Human Constanta у Фэйсбук.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя