У Менску зноў адключаны мабільны інтэрнэт
У Менску, дзе сёння праходзіць чарговая нядзельная акцыя прыхільнікаў перамен, адключаны мабільны інтэрнэт.
Інтэрнэт стаў недаступны для абанентаў мабільных сетак прыкладна ў 14.20.
Аператары А1 і МТС паведамілі, што „прапускная здольнасць мабільнага інтэрнэту зніжаная ў адпаведнасці з распараджэннем упаўнаважаных дзяржаўных органаў”.
Раней былі закрытыя сем станцый метро: „Плошча Леніна”, „Кастрычніцкая”, „Купалаўская”, „Плошча Перамогі”, „Плошча Якуба Коласа”, „Няміга” і „Фрунзенская”. Цягнікі на іх не спыняюцца.
За гадзіну да анансаванага прыхільнікамі перамен традыцыйнага нядзельнага маршу, які сёння праходзіць пад лозунгам „Народная інаўгурацыя сапраўднага прэзідэнта”, у Мінску былі перакрытыя праспект Пераможцаў (ад стэлы „Мінск — горад-герой” у бок Палаца Незалежнасці), праспект Пушкіна (ад вуліцы Альшэўскага ў бок праспекта Пераможцаў), а таксама ўезд на вуліцу Арлоўскую з боку плошчы Бангалор.
Папярэдняя нядзельная акцыя — Марш справядлівасці — сабрала толькі ў Менску не менш за 100 тысяч чалавек і суправаджалася жорсткімі дзеяннямі сілавікоў.