У Менску зноў былі сур’ёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт
У Менску ўвечары 26 жніўня зноў былі сурʼёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт.
Незадоўга да гэтага аператар A1 звярнуўся да абанентаў з папярэджаннем аб магчымым істотным пагаршэнні якасці мабільнага інтэрнэту – па патрабаванні дзяржорганаў.
«Паважаныя абаненты! У адпаведнасці з распараджэннем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 26 жніўня з 20:40 на тэрыторыі Менска будзе зніжана прапускная здольнасць мабільнага інтэрнэту. Выкананне гэтага патрабавання вядзе да істотнага пагаршэння якасці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасці паслугі», – паведаміла кампанія ў сацсетках.
Аператар спадзяецца на хуткае аднаўленне абслугоўвання.
Праблемы з мабільным інтэрнэтам апошні раз назіраліся ў Менску 23 жніўня, падчас масавай акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў.
